Франк дэ Бур сышоў з пасады галоўнага трэнера зборнай Нідэрландаў



Галоўны трэнер зборнай Нідэрландаў па футболе Франк дэ Бур пакінуў сваю пасаду. Большасць чальцоў праўлення Каралеўскага футбольнага саюза Нідэрландаў незадаволеныя вынікамі зборнай пад кіраўніцтвам дэ Бура.

27 чэрвеня зборная Нідэрландаў саступіла камандзе Чэхіі ў 1/8 фіналу чэмпіянату Еўропы з лікам 0: 2. На групавым этапе каманда выйграла ўсе тры матчы. 52-гадовы дэ Бур узначальваў зборную Нідэрландаў з 2020 года.

Сасновіч выйшла ў другі круг Уімблдонскага турніру

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў другі круг Уімблдонскага турніру. У паядынку 1/64 фіналу беларуска сустракалася з сяміразовай чэмпіёнкай Уімблдона амерыканскай тэнісісткай Серэнай Уільямс. Праз паўгадзіны пасля пачатку паядынку пры ліку 3:3 амерыканка траўмавалася і не змагла працягнуць гульню.

Віталь Пінчук падпісаў кантракт з менскім „Дынама”

Нападнік Віталь Пінчук падпісаў кантракт з менскім хакейным „Дынама”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Пагадненне з беларускім форвардам носіць двухбаковы характар ​​і разлічана на адзін сезон. Пінчук стаў лепшым маладым гульцом беларускай экстралігі па выніках сезона. У мінулым чэмпіянаце нападнік правёў за жлобінскі „Металург” 38 матчаў і набраў 25 (10 + 15) ачкоў. Раней Віталь Пінчук ужо гуляў у Кантынентальнай хакейнай лізе. У сезоне-2020/2021 форвард правёў за менскае „Дынама” шэсць матчаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Getty Images