Французская Паетыка
Стартавы паядынак Еўра прынёс у прынцыпе чаканы вынік, але ж дастаткова драматычны сюжэт. У завязцы румыны нечакана для многіх уключылі высокі прэсінг і сталі дзеіць з пазіцыі сілы. Яны ж стварылі і першыя небяспечныя моманты – у выніку падавання кутніх. Спярша “трохкаляровых” пасля расстрэльнага ўдару Станку ўратаваў брамнік Уга Льёрыс, а потым мяч праляцеў вышэй папярэчыны. Пэўны крэатыў у шэрагах гаспадароў выяўляў хіба Дымітры Пает. Грызман і Жыру стараліся, але не больш таго. У адным з эпізодаў мяч адскочыў да форварда мадрыдскага “Атлетыка”, але той скіраваў яго галавой у штангу. Стойка пазней яшчэ раз уратавала “жоўтую” дружыну.
Асноўныя ж падзеі разгарнуліся ў другім тайме. Першы гол Еўра запісаў на свой рахунак форвард лонданскага “Арсенала” Аліўе Жыру – гігант выйграў паветранае змаганне ў галкіпера Тэтэрушану (падалося з пэўным фолам) і даслаў мяч у сетку. Гэты гол стаўся юбілейным – 50-ым для Францыі ў фінальных розыгрышах.
Румыны адыграліся пасля пенальці, прызначанага, праўдападобна, “па суме” некалькіх спрэчных эпізодаў з бруднаватымі дзеяннямі французскіх бекаў. Балканцы стараліся далей утрымаць сініцу ў руках і пралічыліся. Той, каго найбольш хвалілі апошнім часам у шэрагах французаў – Пает (прозвішча яго пішуць і як Пае) сказаў сваё важкае слова. Нараджэнец заморскага вострава Рэюньён з-за межаў штрафной бліскуча закруціў мяч левай нагой амаль у “дзевятку”. Дадам, што ў актыве лепшага гульца сустрэчы яшчэ і выніковы асіст для Жыру. Адыграцца румынам часу ўжо не было.
Францыя-Румынія-2:1 (Аліўе Жыру, 57, Дзімітры Пает, 89; Богдан Станку, 65, з пенальці.
Прадоўжаць праграму спабору ў групе “А” сёння дружыны Албаніі і Швайцарыі. Балканская зборная – абсалютны дэбютант Еўра – пастараецца сапсаваць настрой страката-поліэтнічнай камандзе з краіны банкаў і сыроў. Упершыню ў гісторыі кантынентальных першынстваў родныя браты могуць выйсці на поле адзін супраць аднаго: малодшы Граніт Джака – адзін з лідараў гельветаў, старэйшы Таўлант Джака – у шэрагах албанцаў. Швайцарцы яшчэ ніколі не прайгравалі Албаніі. У фінальных жа турнірах яны ўдзельнічалі тройчы, забілі толькі 5 мячоў і ні разу не выйшлі з групавой стадыі. Нават у 2008-ым годзе, калі прымала Еўра, Швайцарыя заняла апошняе чацвёртае месца ў групе. Тое ж сама было і ў 1996-ым і ў 2004-ым. Самы час тварыць дасягненні!
Каманды Уэльса і Славаччыны прыблізна аднаго роўню і ўпэўнена прадказаць зыход іх паядынку не возьмецца ніхто. Турнір пакажа – наколькі справядліва сцверджанне, што Гарэт Бэйл фактычна адзін выцягнуў валійцаў у фінальную стадыю Еўра. У славакаў не верыць ніхто, акрамя іх сама адданых заўзятараў. Толькі прыгадаем як у адборы славяне выйгралі 6 матчаў запар, перамогшы нават іспанцаў!
Найпазней 11 чэрвеня на поле выйдзе яшчэ адна пара супернікаў. У суадносінах майстэрства дружыны Расеі і Англіі непараўнальныя. Аднак, кожны новы турнір – гэта новы адлік. Яшчэ пытанне ці не растрацілі пасля напружанага сезону свае кандыцыі форварды Хары Кейн і Джэймі Вардзі, ці не адсырэлі зарады ў парахаўніцах Уэйна Руні. У расейцаў нібыта і забіваць няма каму, акрамя Арцёма Дзюбы, і абарона дзіравая, і траўмы выкасілі некалькі „стрыжняў”. Аднак, не будзем забывацца, што якраз супраць брытанскага стылю традыцыйна і могуць змагацца на роўных нашы ўсходнія суседзі. Ну а ангельскім “львам” даўно пара апраўдаць авансы.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя