Французскі гандбаліст Вільям Акамбрэ падпісаў кантракт з БГК імя Мяшкова



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова падпісаў кантракт з вядомым французскім гульцом Вільямам Акамбрэ.

Працоўнае пагадненне ўступіць у сілу ў ліпені. Кантракт з зорным іграком разлічаны на адзін сезон.

Вільям Акамбрэ нарадзіўся 8 красавіка 1988 года ў Канах (Францыя). Профільная пазіцыя – левы паўсярэдні. У вышэйшым французскім дывізіёне гандбаліст правёў 196 матчаў, закінуў 665 мячоў. З 2017 года ён гуляў у венгерскім „Веспрэме”, у гэтым сезоне абараняе колеры славенскага „Цэле”. У складзе нацыянальнай зборнай Францыі Акамбрэ выйграў Алімпійскія Гульні 2012 года, стаў трохразовым чэмпіёнам свету, перамагаў на чэмпіянаце Еўропы. Удастоены вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Францыі – ордэна Ганаровага легіёна.

„Рады, што ўдалося дасягнуць пагаднення з Вільямам Акамбрэ. Несумненна, такі ігрок узмоцніць нашу каманду, разлічваем на яго вопыт пераможцы. Важна, што Акамбрэ ўніверсальны – добра гуляе як у абароне, так і ў нападзенні”, – адзначыў спартыўны дырэктар БГК Павел Башкін.

belta.by