Французы абыгралі немцаў, а партугальцы – вугорцаў



Футбалісты зборнай Францыі адолелі каманду Нямеччыны з лікам 1:0 у апошнім матчы першага тура чэмпіянату Еўропы. Матч у Мюнхене пачаўся ў сярэднім тэмпе і ў першай палове дамінавалі французы. У іх шэрагах вылучаўся Поль Погба, які ўвесь час спрабаваў вывесці партнёраў на ўдарную пазіцыю. На 20-й хвіліне ён пачаў атаку, пасля якой абаронца немцаў Мац Хумельс зрэзаў мяч у сваю браму. Пасля перапынку нямецкія футбалісты працягвалі нагнятаць ціск, французы адказвалі хуткімі контрвыпадамі Мбапэ і Бензема, і нават двойчы забівалі галы, але іх адмянялі з-за афсайду. У выніку чэмпіёнам свету ўдалося ўтрымаць мінімальную перавагу. У першым паядынку папярэдняй групы F чэмпіёны кантынента партугальцы перамаглі ў Будапешце вугорцаў з лікам 3:0. Галявы дубль капітана зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду дазволіў яму стаць лепшым бамбардзірам фінальных турніраў Чэмпіяната Еўропы – цяпер на яго рахунку 11 мячоў. Партугалец абышоў француза Мішэля Плаціні, які забіў 9 мячоў. Сёння стартуюць сустрэчы другога тура. У папярэдняй групе А зборная Італіі згуляе ў Рыме з камандай Уэльса. У Баку футбалісты Турцыі сустрэнуцца са швейцарцамі. У першым паядынку другога тура ў групе В расіяне прымуць у Санкт-Пецярбургу зборную Фінляндыі.

Футбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі перамаглі армянак у таварыскіх матчах

Футбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) двойчы буйна абыгралі аднагодак з Арменіі ў таварыскіх матчах у Мінску. У другім спарынгу на полі ФК „Мінск” гаспадыні разграмілі гасцей з лікам 7:1. Хет-трык у свой актыў запісала Наталля Асмыковіч. У першым кантрольным матчы беларуская каманда выйграла ў армянак 3:0. Для беларусак гэтыя спарынгі сталі адным з этапаў падрыхтоўкі да старту ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы. Увосень у першым раўндзе кваліфікацыі суперніцамі беларускай дружыны будуць футбалісткі Кіпра, Фарэрскіх выспаў і Паўночнай Македоніі.

Антон Сарока пакінуў БАТЭ

Беларускі форвард БАТЭ Антон Сарока пакінуў БАТЭ. Пра гэта паведаміла прэс-служба барысаўскай каманды. У афіцыйных турнірах за асноўную каманду „жоўта-сініх” нападнік правёў 25 матчаў, забіў 5 галоў і аддаў 2 выніковыя перадачы.

Івіцы Оліч пакінуў маскоўскі ЦСКА

Харват Івіца Оліч пакінуў ЦСКА. Раней ён змяніў Віктара Ганчарэнку на пасадзе галоўнага трэнера. Оліч пакінуў ЦСКА з-за канфлікту з кіраўніцтвам клуба. Калі Оліч пачынаў працаваць з ЦСКА, клуб паабяцаў харвату, што ён будзе працаваць са зборнай Харватыяй ўсе тры матчы на ​​Еўра. Але потым пазіцыя клуба памянялася. Да таго ж, Оліч быў незадаволены, што яму не далі запрасіць у штаб Рахіміча. Разумення па селекцыі ў трэнера і кіраўніцтва таксама не было”. Пра гэта „Чэмпіянату” паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Оліч узначаліў каманду ў красавіку. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера прызначаны Аляксей Беразуцкі.

„Сталіца” выйшла наперад у серыі за бронзу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы мінскай „Сталіцы” перамаглі гомельскі БЧ ў стартавым паядынку за бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Па ходу паядынку ў мінскім Палацы спорту „Уручча” гамяльчане тройчы вялі ў ліку, але не змаглі ўтрымаць перавагу, і асноўны час гульні завяршыўся ўнічыю – 3:3. У авертайме нікому не ўдалося вызначыцца, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех спадарожнічаў „Сталіцы” – 5:3. Другая сустрэча серыі да дзвюх перамог адбудзецца 19 чэрвеня ў Гомелі.

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Берліне

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка паспяхова стартавала ў адзіночным разрадзе турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў. У стартавым паядынку экс-першая ракетка планеты перамагла ў дзвюх партыях немку Андрэа Петкавіч – 6:4, 7:6 (7: 2).

Хакейны клуб „Дынама-Маладзечна” ўзначаліць Арцём Батвенкоў

Хакейны клуб „Дынама-Маладзечна” ўзначаліць Арцём Батвенкоў. Спецыяліст доўга працаваў у клубнай сістэме і ў сезоне 2020/2021 прывёў да чэмпіёнства ў вышэйшай лізе „Мінскіх зуброў”. Раней Арцём Батвенкоў, якому 18 чэрвеня спаўняецца 37 гадоў, працаваў трэнерам у школе „Дынама” з 2007 года. Сярод яго выхаванцаў – задрафтаваны ў 2019-м „Фларыдай” Уладзіслаў Калячонок. На працягу двух мінулых гадоў спецыяліст быў галоўным трэнерам „Мінскіх зуброў.

Беларускае Радыё Рацыя