Францыя – новы футбольны чэмпіён свету
Францыя – Бельгія – 4:2 (1:0 – Манджукіч, 18 (аўтагол), 1:1 – Перышыч – 28, 2:1 – Грызман, 38 (пенальці), 3:1 – Пагба, 59, 4:1 – Мбапэ, 65, 4:2 – Манджукіч, 69).
Перад матчам за французаў спачатку было сапраўды трохі страшна – здаецца, адсоткаў 80 стадыёна „Лужнікі” у Маскве заўзела ў гэты дзень супраць іх. Але Дыдзье Дэшам пабудаваў такую крутую зборную, што яе ня здольна збянтэжыць і гэта.
Балканская зборная да апошняга нічога не распавядала пра стан здароўя Перышыча, якога пасля перамогі над ангельцамі ў паўфінале давялося завезці ў маскоўскі шпіталь на абследаванне. Яшчэ напярэдадні паўабаронца „Інтэра”, які адзначыўся ў гульні з родапачынальнікамі футболу ратавальным голам і выніковай перадачай, не трэніраваўся ў агульнай групе. Больш за тое, ён нават не выйшаў на поле падчас адкрытай для СМІ часткі суботняй трэніроўкі, чым паспрыяў з’яўленню новых сумневаў. У стартавым складзе прозвішча Перышыча ўсё ж апынулася – і за харватаў ад усёй душы хацелася парадавацца. Бо такія матчы каманды павінны абавязкова гуляць у наймацнейшых складах, і яны ў сапернікаў апынуліся менавіта такімі. Не было ніводнай нечаканасці: намаляваць расстаноўкі можна было яшчэ 10 дзён таму з зачыненымі вачыма. Нават Дэшам не правёў ніводнай замены – навошта ламаць тое, што працуе? Здзівіць адзін аднаго супернікі паспрабавалі не кадравымі рашэннямі, а стратэгічнымі. І Францыя сапраўды здзівіла. На прэс-канферэнцыі Дэшам прызнаўся, што каманда адкарэктавала падыход перад фіналам, але хто б мог падумаць, што змены апынуцца такімі істотнымі!
„Трохкаляровыя” выйшлі гуляць адкрыта другім нумарам, з першай жа секунды адмовіліся ад мяча і нават не спрабавалі падавіць супернікаў валоданнем. Нехта скажа: „пабаяліся”. Іншыя адкажуць: „Гэта не страх, а халодны разлік”. А праўда ў тым, што відовішчнасці ад Францыі на гэтым турніры так і не дачакаліся, за выключэннем кароткага адрэзка ў гульні з Аргенцінай у 1/8-й фіналу. Замест вясёлай атакуючай зборнай, нашпігаванай рэактыўнымі і тэхнічнымі майстрамі, мы атрымалі прагматычнага монстра, які цярпліва чакае лепшы момант для кінжальнага ўколу і ніколі не траціць розум. Вось як, напрыклад, растлумачыць тое, што адбылося ў першым тайме? Францыя валодала мячом толькі 33 адсоткі часу, дабраахвотна пагадзіўшыся на ролю аўтсайдара. Адразу пасля страт яна выбудоўвалася ў тры абарончыя лініі, не рызыкавала з прэсінгам, а проста ўсім складам адыходзіла назад. У чужую штрафную каманда Дэшама ўпершыню ўвайшла толькі на 17-й хвіліне. А за ўвесь першы тайм яна нанесла адзін нікчэмны ўдар па браме – і той з пенальці. Тады як забіць у „трохкаляровых” атрымалася ажно двойчы.
Харватыя да перапынку гуляла больш актыўна і смела. Яна з задавальненнем лезла ў атаку, задзейнічала хуткасць Рэбіча і Перышыча на флангах і перадачы Модрыча і Ракіціча з глыбіні. На яе футбол было прыемна глядзець, асабліва на кантрасце з Францыяй, якая акупавала ўласную палову. Толькі перамагае зусім не той, хто робіць больш перадач і часцей падыходзіць да чужой штрафной. Толькі на гэтым мундыялі можна было пераканацца ў гэтым некалькі разоў. Патрабуецца яшчэ хоць бы шанцаванне – а ў харватаў у першым тайме яно спрэс адсутнічала. Галы яны прывозілі сабе на роўным месцы і прапусцілі больш, чым заслугоўвалі. Узяць хоць бы першы гол. Хіба фаліў каля штрафной на Грызману Брозавіч? Паўтор не пераканаў, што суддзя паступіў правільна, зафіксаваўшы фол. Але менавіта гэты „стандарт”, пададзены Грызманам, прывёў да няўдалай зрэзкі Манджукіча ва ўласную браму. Харвацкі форвард забіў першы аўтагол у гісторыі фіналаў чэмпіянатаў свету, а Францыя павяла ў ліку, не правёўшы да гэтага ніводнай перспектыўнай атакі.
Харватам удалося прыйсці ў сябе і амаль тут жа годна адказаць. Гол Перышыча, які таксама стаў следствам „стандарту”, глядзеўся класна: балканцы выйгралі тры верхавыя адзінаборствы запар, а Іван імгненна ацаніў сітуацыю, хуткім дотыкам прыбраў мяч ад Кантэ ў патрэбную кропку ды моцна прабіў у кут. Толькі праз 10 хвілін той жа самы Перышыч ужо стаў антыгероем, згуляўшы рукой ва ўласнай штрафной. Галоўны арбітр аргентынец Нестар Пітана доўга сумняваўся, перш чым паставіць 11-метровы, выслухоўваў падказкі ад відэапраглядчыкаў, бегаў самастойна паглядзець эпізод – і пакараў-такі харватаў яшчэ раз. Грызман падышоў да кропкі, зрабіў усё класна і зноў вывеў Францыю наперад.
На гэтым турніры харваты не раз дэманстравалі, што валодаюць нягнуткім характарам і сілай волі, ўмеюць выходзіць з любой, нават сама складанай сітуацыі і ні за што загадзя не здадуцца. На жаль, у гэты раз скокнуць вышэй за галаву пасля ўсіх выпрабаванняў, якія зваліліся да перапынку, камандзе Даліча не ўдалося. Яна працягвала старанна лезці наперад, вышукваць свабодныя зоны, выходзіць на ударныя пазіцыі, але „трохкаляровыя” ўжо злавілі кураж, зразумелі, што гэта іх дзень – і залятае ўсе, што ляціць у браму, і нават больш. Два запар ўдары Пагба і Мбапэ з сярэдняй дыстанцыі, якія заспелі знянацку Субашыча, ператварылі лік у буйны і канчаткова прыкончылі інтрыгу ў гэтым матчы.
Харваты не здаліся, па інэрцыі працягвалі атакаваць, але ўсё ўжо выдатна разумелі. Разумеў і Льёрыс – таму і дазволіў сабе расслабіцца. Кіпер «Тотэнхэма» захацеў «прыбраць» Манджукіча фінтом у сваёй брамавай, а той, не будзь дурнем, не купіўся на замах і пакараў французскага капітана за саманадзейнасць, падставіўшы нагу, ад якой мяч адскочыў у браму, і ў гэтай гульні здарыўся яшчэ адзін кур’ёзны гол. Для інтрыгі было б выдатна, забі харваты яшчэ адзін мяч. У такім выпадку мы абавязкова атрымалі б шалёную канцоўку. Але такую казку апынуліся няздольныя падарыць нават доблесныя харваты. Усё-ткі насупраць быў монстр, нерэальна упэўнены ў сабе. Амаль паўтайма заставалася ў Модрыча і кампаніі на выратаванне, але больш глупстваў ля сваёй брамы французы не здзяйснялі, пісьменна «забіўшы» два дзесяткі хвілін гульнявога часу.
Харватыя усімі сіламі намагалася параўняць лік, дацягнуўшы да добра знаёмых ёй дадатковых таймаў. І статыстыка паказвае перавагу харватаў: 14 удараў па браме супраць 6 у Францыі, 66% валодання мячом, 83% дакладнасці перадач. Францыя, аднак, абышла харватаў па колькасці дакладных удараў – 6 супраць 4, што і адбілася на выніку матча. Шэсць разоў сустракаліся зборныя Францыі і Харватыі пасля набыцця апошняй незалежнасці – і ні разу «шашачныя» не выйгралі. Французы не былі ярчэй за ўсіх, але яны былі найбольш эфектыўнымі і цяпер заканамерна прымаюць віншаванні.
Трэба адзначыць, што да гэтага часу толькі дзвюм легендам футболу скараўся Кубак свету ў абодвух якасцях – гульца і трэнера – бразільцу Марыё Загала і немцу Францу Бекенбауэру. Дыдзье Дэшам стаў трэцім чальцом гэтага элітарнага «клуба». Лік 4:2 стаў самым папулярным у фіналах чэмпіянатаў свету. З такім лікам у 1930 годзе Уругвайцы абыгралі Аргенціну, у 1938 годзе італьянцы – вугорцаў, а Англія ў 1966 годзе выйграла свой адзіны тытул чэмпіёнаў, абыграўшы зборную ФРГ.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя