Францыя перамагла Аргенціну ў 1/8-й фіналу



Першы матч 1/8-й фіналу быў згуляны ў Казані – за квіток у васьмёрку мацнейшых змагаліся дружыны Францыі і Аргенціны. Рандэву выдалася проста феерычным.

“Трохкаляровыя” выйшлі на матч з выразна асэнсаваным тактычным планам. Незбалансаваныя “альбіселестэ” з іншага боку выглядалі ў першым тайме зноў хаатычна. Задума французскага рулявога Дзідзье Дэшама, які 80-ы (рэкордны) раз кіраваў сваёй зборнай была простай – пазбавіць мяча Ліанэля Месі. Гэтым дастаткова паспяхова займаўся Н’Гало Кантэ, які перакусваў усе “правады” і “ток” да геніяльнага форварда проста не даходзіў. Французы выразна дамінавалі ў цэнтры, “выпальваючы” ушчэнт траву перад супернікамі.

Абаронцы “сярэбраных” не паспявалі за рэактыўным Кіліянам Мбапэ і парушалі правілы. У першым разе гэта прывяло да пенальці – ратавальнік нацыі ў мінулай сустрэчы Маркас Роха ў момант пераўтварыўся ў антыгероя. 11-мятровы ўпэўнена рэалізаваў на 13-й хвіліне Антуан Грызман. Неўзабаве лік мог падвоіць Поль Пагба, але ён змарнаваў перспектыўны штрафны. Аргенцінцы нахапалі жоўтых картак і, здавалася, іх становішча безнадзейнае. Але на 41–й хвіліне рэактыўны далёкі бах Анхеля Дзі Марыі вярнуў іх да жыцця.

Праўдападобна, перапынку французам не хапіла, каб перажыць нечаканы стрэс. Бо неўзабаве пасля аднаўлення дзейства наперад выйшлі ўжо паўднёваамерыканцы. Пасля ўдару Месі абаронец Габрыэль Меркада па-хакейнаму ўдала падставіў сваю “клюшку”.

Французскія футбалісты нібы стоікі перанеслі такі паварот падзей. Вельмі хутка еўрапейцы аднавілі раўнавагу – фантастычны голавы ўдар з-за межаў штрафной здзейсніў іх правы бек Бенжамен Павар. А потым на авансцэну зноў выйшаў Мбапэ. Спярша ён прабіў небараку Армані, які мог адхіліць пагрозу, а пасля завяршыў узорную шматхадоўку. Юбіляр Дэшам ужо гатовы быў раскаркоўваць шампанскае.

Да гонару “альбіселестэ” яны не склалі зброю. Выйшаўшы на замену Серхіё Агуэра забіў галавой ажно на 93-й хвіліне. Аргенцінцы на апошніх секундах стварылі яшчэ адзін момант, але гэта хутчэй супярэчыла логіцы падзей.    

Францыя – Аргенціна – 4:3 (Грызман, 13, з пенальці, Павар, 57, Мбапэ, 64, 68; Дзі Марыя, 41, Меркада, 48, Агуэра, 93)

Такім чынам услед за чэмпіёнамі свету немцамі дахаты адпраўляюцца і сярэбраныя прызёры апошняга першынства.

Беларускае Радыё Рацыя