Францыя стала першым паўфіналістам ЧС



На чэмпіянаце свету па футболе адбыўся першы чвэрцьфінальны паядынак.

Першая палова змагання Уругвая з Францыяй выдалася дастаткова багатай на жорсткія стыкі. У стартавым складзе “ла-селестэ” адбылася толькі адна замена – траўмаванага Эдзінсана Кавані замяніў Крысціян Стуані. Цікава, што ў пачатковай абойме уругвайцаў апынулася адразу 5 гульцоў з італійскіх клубаў і 4 – з іспанскіх. У французскай зборнай дыскваліфікаванага Блеза Мацюідзі замяніў баварскі прадстаўнік Карэнстэн Талісо.

Першымі патурбавалі брамніка гасцей уругвайцы – Уга Льёрыс не драмаў. Доўгае пазіцыйнае перацягванне каната было парушана пасля стандарта, удала разыгранага “трохкаляровымі”. Выканаўца такіх становішчаў Антуан Грызман філігранна падаў у штрафную, а абаронец Францыі Рафаэль Варан галавой эфектна падрэзаў мяч у сетку. Ішла 41-я хвіліна. Неўзабаве паўднёвамерыканцы ледзь не здзейснілі аналагічны эцюд, але пасля ўдару Марціна Касераса, французаў уратаваў Льёрыс. Пры тым на дабіванні быў Дыега Гадзін, але яму забракла ўдачы.

У пачатку другога тайма Оскар Табарас зрабіў двайную замену з мэтай узмацнення ціску. Але неўзабаве ўругвайцаў падпільнавала няўдача – пасля сярэдняй моцы далёкага стрэлу Грызмана галкіпер Фернанда Муслера не ўтрымаў мяч і закінуў яго за сваю лінію брамы. Гэты эпізод яшчэ доўга будзе сніцца небараку. Ну, а лепшы снайпер мінулага Еўра запісаў на свой рахунак трэці мяч на турніры.

Нягледзячы на яшчэ дастаткова доўгі прамежак гульнёвага часу, інтрыга неяк адразу згасла. Уругвай атакаваў па інерцыі, а французскія грэнадзёры тушылі ўсе “падпалы” ужо ў зародку. У выніку Францыя стала першым паўфіналістам чэмпіянату, а Уругвай скончыў свае выступы.  

Уругвай – Францыя – 0:2 (Варан, 40, Грызман, 61)

Беларускае Радыё Рацыя