Францыя ўпэўнена выйшла ў паўфінал Еўра
Позна ўвечары ў нядзелю вызначыўся апошні паўфіналіст Еўра. Ім стала дружына гаспадароў форуму – каманда Францыі, якая разграміла зборную Ісляндыі. У стартавым складзе ісляндцаў не чакалі ніякіх пераменаў. 5-ы матч запар трэнерскі дуэт астравіцянаў выставіў нязменны набор. Але на гэты раз надзейная абарона парушальнікаў спакою і еўрапейскай футбольнай іерархіі вельмі хутка дала трэшчыны і пачала развальвацца. Ужо на 12-й хвіліне фактурны Аліўе Жыру скарыстаўся доўгім закідам, уварваўшыся па левым фланзе ў штрафную Ісляндыі, і ўпэўнена рэалізаваў момант – 1:0. Не паспелі вікінгі адыйсці ад гэтага стрэсу, як прыляцела другая няўдача. На гэты раз “птушку няшчасця” для іх засадзіў у сетку Поль Пагба – пасля падавання корнеру даўганогі як журавель паўабаронец галавой паслаў мяч па прызначэнні. А ў канцы першага тайму французы, якія ў папярэдніх паядынках дамагаліся патрэбнага выніку толькі пасля перапынку, датэрмінова развязалі і знялі ўсе пытанні. Пачалася сапраўдная гонка за тытул лепшага бамбардзіра турніру. Спярша більярдным стрэлам зрабіў сваю стаўку Дзімітры Пает. А ўслед тэхнічнай падсечкай Антуан Грызман, не заўважаючы дэмаралізаваных супернікаў, давёў справу да разгрому. Пасля перапынку ісляндцам толькі і заставалася, што ратаваць свой прэстыж. У пэўным сэнсе ім гэта ўдалося, дзякуючы галам Сігтарсана і Б’ярнасана. Паміж імі яшчэ раз вызначыўся Жыру. Пры ліку 5:2 на карысць “трохкаляровых” і разышліся, падняўшы крыху сярэднюю выніковасць чэмпіянату. Што датычыць снайпераў, то ў Паета і Жыру цяпер па 3 забітыя мячы на турніры, у Грызмана – 4.
Францыя-Ісляндыя-5:2 (Аліўе Жыру, 12, 59, Поль Пагба, 19, Дзімітры Пает, 43, Антуан Грызман, 45; Калбейн Сігтарсан, 56, Біркір Б’ярнасан, 84)
Стала ведама, што вікторыя немцаў над Італіяй у чвэрцьфінале далася ім яшчэ большай цаной, чым думалася. Гутарка ідзе пра траўмы ключавых гульцоў. Марыё Гомес надарваў цягліцу задняй паверхні сцягна. Пасля пільнага медыцынскага абследавання выявілася, што форвард больш не згуляе на турніры. Капітан Басцьян Швайнштайгер атрымаў удар па правым калене, што прывяло да расцяжэння. Можа менавіта таму ветэран бундэсманшафт так няўдала выканаў пасляматчавы пенальці. А яшчэ ў аднаго гульца паўбароны Самі Хедзіры, якога замянілі ўжо на 15-й хвіліне, выяўлена пашкоджанне прыводнай цягліцы левага сцягна. Так што ўдзел абодвух апорнікаў ў паўфінале пад вялікім пытаннем. Трэнер Яўхім Лёў выказаў шкадаванне з прычыны гэтых траўмаў, але падкрэсліў, што зборная Германіі будзе гатова да чарговай баталіі – нагадаю, што паўфінал з французамі пройдзе 7 ліпеня ў Марсэлі.
Італійцы вельмі цяжка перажылі сваю паразу ад Нямеччыны ў чвэрцьфінале. Абаронец Андрэа Бардзальі і галкіпер Джанлуіджы Буфон, якія выдатна правялі ўвесь турнір і апошнюю сустрэчу, пры каментарах журналістам не маглі стрымаць слёз. А галоўны рулявы Антоніё Контэ, які пакідае капітанскі мосцік “скуадры адзуры”, заявіў, што ён не адчуваў у Італіі асаблівай падтрымкі, за выняткам хіба прэзідэнта федэрацыі футболу гэтай краіны. Тым ня менш Контэ заявіў, што ён спадзяецца на тое, што сваёй гульнёй каманда прывіла любоў да гэтай зборнай, любоў усяго італійскага народу. Дружыну Італіі цяпер узначаліць Джамп’ера Вентура, Антоніё ж Контэ засяродзіцца на клубнай працы з лонданскім “Чэлсі”.
Два дні на Еўра будуць вольнымі ад матчаў. Першы паўфінал ў сераду 6 ліпеня: Партугалія-Уэльс.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя