Футбалісткі «Мінска» вынеслі на поле майку арыштаванай аднаклубніцы
Футбалісткі „Мінска” пасля тура жаночага чэмпіянату Беларусі атрымалі нямала крытыкі.
Прэтэнзія да іх заключалася ў адсутнасці падтрымкі ў адрас аднаклубніцы Ульяны Асаул, затрыманай 25 сакавіка, у Дзень Волі, якая атрымала 13 сутак па «народным» артыкуле 24.23 (раней 23.34) КаАП РБ. На матчы супраць «Бабруйчанкі» футбалісткі ніяк не згадалі Асаул і праспявалі дзяржаўны гімн. Аднак у матчы з «Віцебскам» сітуацыя ўсё ж змянілася, піша «Трыбуна».
Каманда на перадматчавым прадстаўленні ўжо не абдымалася і гімн не спявала, затое вынесла майку з другім нумарам Асаул, якая ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. Непасрэдна ў руках майку трымала брамніца Паліна Малаева, якая падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту.
Матч скончыўся разгромнай перамогай – «Мінск» вынес апанентак з лікам 16:0.