Футбалісты „Астаны” выйшлі ў другі круг кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты „Астаны” перамаглі тбіліскае „Дынама” і выйшлі ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў. У грузінскай сталіцы чэмпіёны Казахстана атрымалі валявую вікторыю з лікам 2:1. Пераможны мяч на 51-й хвіліне сустрэчы забіў былы гулец салігорскага „Шахцёра” Дэмба Дарба. Беларускі паўабаронца „Астаны” Макс Эбонг правёў на полі ўвесь матч. Тыдзень таму ў казахстанскай сталіцы была зафіксавана нічыя – 1:1. Наступным супернікам „Астаны” ў кваліфікацыі ЛЧ будзе чэмпіён Харватыі – заграбскае „Дынама”. У другі круг кваліфікацыі чэмпіёнскай Лігі выйшаў і чэмпіён Азербайджана – „Карабах” з Агдама, які сёння разграміў у Баку гібралтарскі клуб „Лінкольн Рэд Імпс” – 4:0. У першай гульні азербайджанская каманда ў гасцях выйграла з вынікам 2:1.
У наступным раўндзе „Карабах” двойчы сустрэнецца з чэмпіёнам Польшчы клубам „Ракув” з Чэнстаховы.
БАТЭ засталося перамагчы ў адным супрацьстаянні, каб забяспечыць сабе еўракубкавую восень
Барысаўчане прайшлі „Партызані” і апынуліся ў 2-м кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў. Гэта значыць, што ад групавога раўнда аднаго з еўракубкаў іх аддзяляе толькі адно паспяховае супрацьстаянне. Калі БАТЭ пераможа „Арыс” у 2-м раўндзе Лігі чэмпіёнаў, то забяспечыць сабе мінімум групу Лігі канферэнцый. Гэта калі „жоўта-сінія” усе наступныя супрацьстаянні прайграюць. У выпадку паражэння ад кіпрыётаў, барысаўчане адправяцца ў кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы. Поспех у гэтым раўндзе прынясе пуцёўку ў раўнд плей-оф Лігі Еўропы і таксама гарантуе групу Лігі канферэнцый. Няўдача адправіць БАТЭ ў раўнд плей-оф трэцяга па рангу еўракубка.

Аляксандр Бразевіч узначаліў дзяржынскі „Арсенал”
Ён ужо правёў першае практыкаванне з камандай. Трэнерскую кар’еру спецыяліст пачаў больш як 20 гадоў таму ў сталічным МТЗ-РІПА з пазіцыі дзіцячага трэнера. У 2006 годзе быў пераведзены ў асноўную каманду клуба. З 2009 года пачаў самастойную працу з дарослымі камандамі. За сваю кар’еру Бразевіч паспеў папрацаваць са шматлікімі беларускімі і літоўскімі клубамі, а таксама з юнацкай зборнай Беларусі. Апошнім клубам спецыяліста быў „Слуцк”, які ён пакінуў у канцы жніўня 2022 года. Сёлета Аляксандр Бразевіч паспяхова скончыў трэнерскія курсы PRO-дыплом УЕФА, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. 14 ліпеня „Арсенал” пакінуў трэнерскі штаб Сяргея Паўлюковіча ў поўным складзе. Дзяржынцы лідаруюць у першай лізе. У актыве каманды 36 балаў у 15 матчах.
Дзмітрый Корабаў працягнуў кантракт з менскім „Дынама” яшчэ на адзін сезон
У мінулым сезоне ў складзе „Дынама” абаронца выйшаў на лёд у 53 матчах. У рэгулярцы набраў 7 (3+4) балаў і „1”. У плэй-оф на рахунку гульца „+1”. Таксама Корабаў дапамог жлобінскаму „Металургу” выйграць чэмпіянат Беларусі. Як зазначае прэс-служба клуба, гэты сезон стане восьмым у складзе менскага „Дынама”.
Беларускае Радыё Рацыя
