Віктар Ганчарэнка падпісаў новы кантракт з ЦСКА
Беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка падпісаў новы кантракт з маскоўскім ЦСКА. Ён будзе працаваць галоўным трэнерам да заканчэння сезона 2020/2021. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце маскоўскага клуба.
Віктар Ганчарэнка, якому зараз 42 гады, узначаліў футбалістаў ЦСКА у снежні 2016 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 129 матчаў, у якіх святкавала 65 перамог. Армейцы заваявалі Суперкубак Расеі ў 2018 годзе, двойчы станавіліся срэбнымі прызёрамі нацыянальнага першынства. Да прыезду ў Маскву Віктар Ганчарэнка паспяхова трэніраваў барысаўскі БАТЭ, працаваў у клубах расейскай прэм’ер-лігі „Кубань” з Краснадара, „Урал” з Екацярынбурга і „Уфа”. Пасля 22 тураў сёлетняга чэмпіянату Расеі футбалісты ЦСКА займаюць 5-е месца, набраўшы 36 ачкоў.
Зборная Беларусі даведалася супернікаў на групавым этапе ЧС-2021 па хакеі
Міжнародная федэрацыя хакея, грунтуючыся на рэйтынгу каманд, вызначыла канчатковы склад груп на папярэдняй стадыі 84-га сусветнага першынства, які ў 2021 годзе пройдзе ў Менску і Рызе, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі хакея. Такім чынам, каманда Беларусі трапіла ў групу А, дзе згуляе з дружынамі Расеі, Швецыі, Чэхіі, Швейцарыі, Славакіі, Даніі і Вялікабрытаніі. Матчы падначаленых Міхаіла Захарава пройдуць у Менску. Гульні ЧС-2021 пройдуць у „Мінск-Арэне” і комплексе „Арэна Рыга”. Абедзве краіны будуць прымаць чэмпіянат свету другі раз у сваёй гісторыі.
„Мінчанка” пацвердзіла ўдзел у расейскай валейбольнай суперлізе ў наступным сезоне
„Мінчанка” пацвердзіла удзел у расейскай валейбольнай суперлізе ў наступным сезоне, паведаміў старшыня валейбольнага клуба „Мінск” Аляксандр Мішын, у структуру якога ўваходзіць каманда. Чакаецца, што чэмпіянат Расеі-2020/2021 пачнецца ў дваццатых чыслах верасня, а скончыцца ў пачатку красавіка. У сезоне-2019/2020 чэмпіянаты Расеі сярод мужчынскіх і жаночых каманд з-за пандэміі каронавіруса былі завершаны датэрмінова.
Новы сезон чэмпіянату Італіі па футболе стартуе 1 верасня, сёлетні плануюць дагуляць да 20 жніўня
Італьянская федэрацыя футбола прыняла рашэнне аб тым, што сезон 2020/2021 чэмпіянату краіны пачнецца 1 верасня. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні федэрацыі. Раней паведамлялася, што было вырашана завяршыць тры вышэйшых дывізіёны чэмпіянату краіны, а таксама Кубак Італіі да 20 жніўня.Чэмпіянат Італіі быў прыпынены ў пачатку сакавіка, аднаўленне бягучага сезона плануецца 20 чэрвеня. Лідарам чэмпіянату на дадзены момант з’яўляецца турынскі „Ювентус”, на рахунку якога 63 ачкі пасля 26 гульняў, на другім месцы знаходзіцца рымскі „Лацыё” – 62, на трэцяй пазіцыі міланскі „Інтэр” – 54 ачкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: footbik.by