Футбалісты БАТЭ прабіліся ў другі раунд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты барысаўскага БАТЭ прабіліся ў другі кваліфікацыйны раунд Лігі чэмпіёнаў, адолеўшы па суме дзвюх сустрэч албанскі „Партызані”. У паядынку ў адказ першага раунда барысаўчане ў Венгрыі выйгралі з лікам 2:0. На 70-й хвіліне вызначыўся Уладзіслаў Малькевіч, а на 11-й кампенсаванай хвіліне другога тайма Аляксандр Шасцюк забіў другі мяч. Першая гульня, якая адбылася на мінулым тыдні ў Тыране, скончылася ўнічыю – 1:1. У другім раундзе БАТЭ сустрэнецца з кіпрскім „Арысам” з Лімасола, які трэніруе беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі. Напярэдадні чэмпіёны Кіпра ў кантрольным матчы разышліся мірам з венскай „Аўстрыяй” – 1:1.
Кендыш дапамог „Жальгірысу” выйсці ў 2-і раунд Лігі чэмпіёнаў
Чэмпіён Літвы віленскі „Жальгірыс” з беларускім паўабаронцам Юрыем Кендышам у складзе адолеў у гасцях паўночнамакедскую „Стругу” з лікам 2:1. На 76-й хвіліне сустрэчы гаспадары выйшлі наперад, праз дзве хвіліны Кендыш зраўняў лік, а яшчэ праз 5 хвілін абаронца „Стругі” Сава Радзіч адправіў мяч у сваю браму. У першым матчы ў літоўскай сталіцы была зафіксавана нічыя – 0:0. У другім раундзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў „Жальгірыс” сустрэнецца з адным з фаварытаў кваліфікацыі – турэцкім „Галатасараем” са Стамбула.
«Нёман» у выпадку перамогі над «Вадуцам» згуляе з мальтыйскім «Бальцанам»
Вызначыўся патэнцыйны супернік гарадзенскага «Нёмана» ў другім раундзе кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Ім стане мальтыйскі «Бальцан». У першым раундзе ён сенсацыйна абыграў славенскі «Домжале» (4:1, 1:3). «Нёман» у першым матчы перамог «Вадуц» 2:1. Гульня ў адказ пройдзе 20 ліпеня.
«Баварыя» падпісала Кім Мін Чжэ
«Баварыя» абвясціла пра трансфер цэнтральнага абаронцы «Напалі» Кім Мін Чжэ. Кантракт з 26-гадовым паўднёвакарэйцам разлічаны да 30 чэрвеня 2028 года. Футбаліст будзе выступаць пад трэцім гульнявым нумарам. Раней паведамлялася, што сума трансферу складзе 50 мільёнаў еўра.
Кухарчык перайшла ў польскі «Каліш»
25-гадовая беларуская брамніца Паліна Кухарчык перайшла ў польскі гандбольны клуб «Каліш». Раней яна выступала за «Яраслаў». У мінулым сезоне «Каліш» выйграў групу «B» першай лігі і зарабіў пуцёўку ў Суперлігу.
„Мяшкоў Брэст” правядзе двухтыднёвы збор у Турцыі
У чацвер гандбалісты і трэнерскі штаб «Мяшкоў Брэст» пачнуць рыхтавацца да новага сезону. На пятніцу запланаваны традыцыйны збор на Белым возеры. А 27 ліпеня БГК адправіцца на двухтыднёвы збор у Турцыю. Прапрацоўваецца пытанне правядзення там некалькіх матчаў. Мяшкоўцы вернуцца ў Беларусь 11 жніўня і сфакусуюцца на падрыхтоўцы да Кубка Белгазпрамбанка, які пройдзе з 18 па 20 жніўня. Удзел прымуць чэмпіён Расеі маскоўскі ЦСКА, піцерскі „Зеніт” і турэцкая „Сакар’я” – срэбраны прызёр мясцовай Суперлігі.
Беларускае Радыё Рацыя
