Футбалісты БАТЭ сенсацыйна саступілі «Энергетыку-БДУ»



Футбалісты «Энергетыка-БДУ» сенсацыйна абыгралі БАТЭ з лікам 3:1 у стартавым матчы 30-га чэмпіянату Беларусі. Аўтарам першага гола юбілейнага першынства стаў навабранец менчукоў узбекскі паўабаронца Джасурбек Яхшыбоеў.

У першым тайме сустрэчы ў Менску невялікая перавага была на баку барысаўчан, але выйсці наперад яны не змаглі. Затое гаспадары двойчы здолелі дамагчыся поспеху: на 27-й хвіліне сустрэчы Джасурбек Яхшыбоеў забіў свой першы мяч, а яшчэ праз 7 хвілін аформіў дубль. Пасля перапынку госці адразу пайшлі наперад, стварылі некалькі небяспечных момантаў, і на 64-й хвіліне гульні Максім Скавыш адквітаў адзін мяч. Аднак гэта быў адзіны поспех падначаленых Кірыла Альшэўскага. Больш за тое, захапіўшыся нападамі, яны на 84-й хвіліне прапусцілі востры контрвыпад, і яшчэ адзін пачатковец «энергетыкаў» чарнагорскі паўабаронца Душан Бакіч забіў трэці гол. На поле салігорскага стадыёна «Будаўнік» мясцовы «Шахцёр» у кампенсаваны час нечакана саступіў жодзінскаму «Тарпеда-БелАЗ» 0:1. Адзіны гол забіў Да Пенья.

Дзеючыя чэмпіёны краіны футбалісты берасцейскага «Дынама» свой стартавы матч новага першынства правядуць сёння на сваёй арэне супраць «Смалявічаў». Таксама менскае «Дынама» прыме ў сябе дома дэбютанта вышэйшай лігі берасцейскі «Рух». Цікава, што пасля прыпынення чэмпіянату Турцыі па футболе, Беларусь засталася адзінай футбольнай лігай Еўропы, дзе не спынены чэмпіянат краіны.

Хакеісты «Юнацтва» разграмілі «Дынама-Маладзечна» і выйшлі ў фінал

Хакеісты «Юнацтва» абыгралі «Дынама-Маладзечна» з лікам 6:0 і выйшлі ў фінал плэй-оф чэмпіяната Беларусі. Пачатак матчу праходзіла ў роўнай барацьбе. Разам з тым у першым перыядзе гледачы, якія сабраліся на трыбунах «Чыжоўка-Арэны», убачылі толькі адно ўзяцце брамкі: на 19-й хвіліне вызначыўся нападнік «Юнацтва» Міхаіл Стэфановіч. У другім перыядзе сітуацыя кардынальна змянілася на карысць падначаленых Аляксандра Макрыцкага. Спачатку на 27-й хвіліне матчу Іван Драздоў падвоіў перавагу «Юнацтва». Затым з розніцай у 16 секунд дубль аформіў Усевалад Кашкар, фактычна зняўшы ўсе пытанні адносна пераможцы матчу, а разам з ім і паўфінальнай серыі плэй-оф. Аляксандр Кулакоў на 36-й хвіліне забіў пяты гол у брамку «зуброў». А дакладны кідок Дзяніса Цыганова паставіў кропку ў гэтай сустрэчы. Супернік «Юнацтва» па фінале вызначыцца ў матчах паміж гарадзенскім «Нёманам» і салігорскім «Шахцёрам». Лік у іх проціборстве 2:2. Каманды згуляюць яшчэ найменш два матчы. Бліжэйшы з іх пройдзе сёння ў Гародні.

Беларускія спартоўцы планава рыхтуюцца да Алімпіяды ў Токіо

Беларускія спартоўцы ў цяперашні час планава рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў 2020 года Токіо, паведаміў журналістам міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. «Рашэнне па адмене Алімпіяды ў Токіо не прынята. Беларускія спартоўцы вядуць планавую падрыхтоўку да ўдзелу ў Гульнях, як і спартсмены іншых краін», – сказаў Сяргей Кавальчук. Паводле яго інфармацыі, 404 беларускія спартоўцы знаходзяцца за мяжой. Паступова яны будуць вяртацца з вучэбна-трэніровачных збораў на радзіму. Па прыездзе дадому ўсе атлеты праходзяць праз рэкамендаваныя Міністэрствам аховы здароўя мерапрыемствы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ФК БАТЭ