Футбалісты БАТЭ спынілі пераможную серыю менскага „Дынама” у чэмпіянаце Беларусі



Футбалісты менскага „Дынама” пацярпелі паразу пасля сямі перамог запар у чэмпіянаце Беларусі. Яны саступілі на сваім полі барысаўскаму БАТЭ з лікам 0:1. Першы тайм сустрэчы прайшоў з перавагай дынамаўцаў. Пасля перапынку барысаўчане сталі дзейнічаць значна больш актыўна, і на 71-й хвіліне гульні адну з іх атак дакладным ударам завяршыў Дзмітрый Анцілеўскі. Гэты гол апынуўся адзіным. Нягледзячы на паразу, менскае „Дынама” ўзначальвае турнірную табліцу, набраўшы 57 ачкоў у 24 праведзеных матчах, на другой пазіцыі гарадзенскі „Нёман”, у якога 53 балы пасля 24 сустрэч, трэцім ідзе „Тарпеда-БелАЗ” – 42 ачкі, у БАТЭ зараз 41 заліковы бал.

Хакеісты менскага „Дынама” на выездзе абгулялі яраслаўскі Лакаматыў

Хакеісты менскага „Дынама” з перамогі пачалі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі.

Першым супернікам „зуброў” у гэтым выездзе стаў яраслаўскі „Лакаматыў”, які ідзе на чацвёртай пазіцыі Заходняй канферэнцыі. Стартавы перыяд сустрэчы прайшоў з невялікай перавагай „Лакаматыва”, але скончыўся па нулях, у наступнай трэці мінчане выраўнялі гульню, аднак сітуацыя на табло не змянілася.

Лік у матчы быў адкрыты толькі на 45-й хвіліне – ужо шостую шайбу ў гэтым чэмпіянаце закінуў абаронца „Дынама” Яні Калдзіс. Праўда, адказу ад яраслаўцаў доўга чакаць не давялося, у сярэдзіне адрэзка лічбы зраўняў Георгій Іваноў. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе развязка наступіла даволі хутка – перамогу „зубрам” з лікам 2:1 прынёс Сэм Энас. Гэтая перамога стала для падначаленых Дзмітрыя Квартальнага чацвёртай у пяці апошніх матчах. Дзякуючы гэтаму „Дынама” ўзнялося на шостае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ.

„Шахцёр” перамог „Юнацтва” ў матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі

Трыма матчамі ў Менску, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.

Цэнтральны паядынак вечара адбыўся ў сталіцы – на лёдзе „Чыжоўка-Арэны” чацвёртая каманда экстралігі „Юнацтва” прымала „Шахцёр”, які ідзе другім. Самы чаканы матч у выніку апынуўся найменш выніковым: гледачы ўбачылі ўсяго адну закінутую шайбу, аўтарам якой на 52-й хвіліне сустрэчы стаў абаронца „гарнякоў” Рыгор Жалдакоў. У паралельнай сустрэчы ў Оршы хакеістам „Лакаматыва” і „Брэста” не хапіла асноўнага часу – ў авертайме перамаглі берасцейцы з лікам 2:1. Акрамя таго, у чацвер сваю серыю з пяці вікторый запар перапыніў наваполацкі „Хімік”, буйна прайграўшы ў гасцях „Дынама-Маладзечна” – 2:5.

Баскетбалісты „Мінска” саступілі дэбютанту Адзінай лігі ЗГБ

Баскетбалісты „Мінска” пацярпелі сёмую паразу запар у рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ.

Падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі ў Маскве дэбютанту „банкаўскага” турніру „Руне” з лікам 53:71. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Джарэд Джэксан-Агунгбемі, які набраў 19 ачкоў.

Матч Сабаленкі і Рыбакінай на выніковым турніры WTA спыніў дождж

Паядынак паміж Арынай Сабаленкай і Аленай Рыбакінай за выхад у паўфінальную стадыю выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) у мексіканскім Канкуне быў прыпынены з-за дажджу. У першым сэце заключнага паядынку групы Бакалар першая ракетка планеты выйграла ў нумара 4 сусветнага рэйтынгу, з лікам 6:2. У другой партыі Сабаленка выйгравала з лікам 2:1, але потым Рыбакіна перахапіла ініцыятыву і выйшла наперад 5:3, пасля чаго сустрэча была спынена з-за непагадзі. Яна будзе дагуляная 4 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя