Футбалісты БАТЭ ў Кубку Беларусі разграмілі „Мёры”
У футбольным Кубку Беларусі барысаўскі БАТЭ разграміў клуб трэцяга дывізіёна „Мёры”з лікам 13:0. Барысаўская каманда выйшла ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі. Для барысаўчан гэтая перамога стала першай за апошнія восем матчаў. Папярэдні раз футбалісты БАТЭ перамагалі амаль два месяцы таму — 6 траўня ў матчы з «Белшынай» 3:0.
Ізраіль выйшаў у чвэрцьфінал маладзёжнага Еўра, Германія фінішавала апошняй у групе
Завяршыліся матчы трэцяга тура групавога этапа маладзёжнага Еўра-2023 у квартэце С.
Англія перамагла Германію 2:0, а Ізраіль выйграў у Чэхіі 1:0. Англічане аформілі выхад у чвэцрьфінал турніру яшчэ пасля другога тура, а другім чвэрцьфіналістам ад групы С стаў Ізраіль.
Ізраільцяне мінімальна перамаглі дзякуючы голу на 82-й хвіліне. У выпадку нічыі у плэй-оф выйшла б Чэхія.
Германія з 1 ачком у актыве завяршыла выступы на апошнім месцы ў групе.
«Манчэстэр Юнайтэд» хоча завяршыць трансфер Анана на працягу 48 гадзін
«Манчэстэр Юнайтэд» працуе над тым, каб завяршыць трансфер брамніка «Інтэра» Андрэ Анана на працягу наступных 48 гадзін, паведамляе Goal. Спартовы дырэктар італьянскага клуба П’еро Аўзіліа ўжо сустрэўся з дырэктарам «чырвоных д’яблаў» Дэвідам Харысанам наконт магчымага трансферу 27-гадовага футбаліста. Сума трансферу можа скласці 50 мільёнаў еўра.
Фінал Лігі канферэнцый 2023/24 адбудзецца ва Уроцлаве
Кіраўнік польскага футбольнага саюза Цэзарый Кулеша расказаў, што фінал розыгрышу Лігі канферэнцый у наступным сезоне пройдзе ва Уроцлаве. «З гонарам і радасцю прымаю рашэнне УЕФА па тым, што ў 2025 годзе наша краіна прыме чэмпіянат Еўропы сярод дзяўчат да 19 гадоў, а таксама фінал Лігі канферэнцый, які пройдзе ва Уроцлаве. Гэта станоўча паўплывае як на развіццё жаночага футбола, так і на прэстыж клубнага футбола», – заявіў Кулеша. Матч пройдзе 29 траўня 2024 года.
Сныціна працягне выступаць за «Лондан Лаёнс»
Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна працягне выступаць за «Лондан Лаёнс». «Трапны стралок вяртаецца ў Лондан на будучы сезон! З вяртаннем, Кэт», – паведаміла прэс-служба «Лондан Лаёнс» у сваім Instagram.
IIHF зацвердзіла групы на ЧС па хакеі – Беларусь і Расея па-за турнірам
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) і арганізацыйны камітэт чэмпіянату свету-2024 зацвердзілі групы на наступны турнір. Сусветнае першынство ў 2024 годзе пройдзе ў Чэхіі. Беларусь і Расея прапусцяць гэты турнір.
Раней паведамлялася, што IIHF не дапусціць беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай да заканчэння вайны.
Новы сезон НХЛ пачнецца ў ноч з 10 на 11 кастрычніка
Нацыянальная хакейная ліга апублікавала расклад матчаў рэгулярнага чэмпіянату на наступны сезон. Новая кампанія стартуе ў ноч з 10 на 11 кастрычніка трыма матчамі: «Тампа-Бэй» – «Нэшвіл», «Піцбург» – «Чыкага» і «Вегас» – «Сіэтл».
У наступным сезоне кожная з каманд згуляе ў рамках рэгулярнага чэмпіянату па 82 матчы. Агульная колькасць гульняў складзе 1312 матчаў. Завершыцца сезон у ноч з 18 на 19 красавіка. Дзеючым уладальнікам Кубка Стэнлі з’яўляецца «Вегас», які ў мінулым сезоне ў фінальнай серыі перамог «Фларыду» 4-1.
Беларускае Радыё Рацыя
