Футбалісты БАТЭ згулялі ўнічыю са „Славіяй”
Футбалісты барысаўскага БАТЭ другі раз запар упусцілі перамогу на апошніх хвілінах матча чэмпіянату Беларусі. Гульня з мазырскай «Славіяй» у Барысаве прайшла з перавагай гаспадароў поля, якія выйшлі наперад у сярэдзіне першага тайма пасля гола Валерыя Грамыкі. Пасля перапынку вынік доўга не мяняўся, але на 4-й кампенсаванай хвіліне нападнік мазырскай „Славіі” Андрэй Панюкоў зраўняў лік – 1:1. Гэтак жа завяршыўся і папярэдні матч барысаўчан – з „Іслаччу”. Таксама тарпедаўцы згулялі ўнічыю ў Гародні з мясцовым „Нёманам” – 0:0. Асістэнт галоўнага трэнера „Нёмана” Аляксандр Суліма на 78-й хвіліне быў выдалены з лаўкі за эмоцыі. Да таго часу гарадзенцы ўжо гулялі ў меншасці пасля выдалення Андрэя Васільева на 59-й хвіліне. Таксама ў гэтай сустрэчы жоўтую картку атрымаў настаўнік „Нёмана” Ігар Кавалевіч. Да гэтага гарадзенскі клуб святкаваў шэсць перамог запар. Жодзінскія футбалісты яшчэ не пацярпелі ніводнай паразы ў гэтым першынстве.
„Інтэр”, адолеўшы „Фіярэнціну”, выйграў Кубак Італіі
„Інтэр” узяў верх над „Фіярэнцінай” у фінале Кубка Італіі — 2:1. Абодва мячы ў „нэрадзуры” забіў аргенцінскі форвард Лаўтара Марцінэс. Клуб з Мілана стаў уладальнікам трафея дзявяты раз у гісторыі і другі раз запар.
„Манчэстэр Сіці” ў гасцях згуляў унічыю з „Брайтанам” у перанесеным матчы 32-га тура чэмпіянату Англіі — 1:1. „Ман Сіці” датэрмінова стаў чэмпіёнам АПЛ, набраўшы 89 ачкоў, у „Брайтана” 62 балы і шостая пазіцыя.
„Рэал” дзякуючы галам Бензема і Радрыга за хвіліну да канца асноўнага часу матчу на хатняй арэне перамог „Раё Вальякана” ў матчы 36-га тура чэмпіянату Іспаніі — 2:1.
„Мяшкоў Брэст” другі раз перамог гандбалістаў СКА ў фінале чэмпіянату Беларусі
„Мяшкоў Брэст” выйграў другі матч з гандбалістамі менскага СКА ў серыі за залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. Пасля буйной выязной вікторыі (38:30) берасцейцы на сваёй арэне таксама апынуліся мацнейшымі за пераможцу рэгулярнага першынства – 33:26. Трэці паядынак серыі да трох перамог адбудзецца 27 траўня ў сталічным спарткомплексе „Уручча”. У выпадку перамогі мяшкоўцы абароняць свой тытул.
Дзмітрук прайграла ў кваліфікацыі „Ралан Гарос”
Беларуская тэнісістка Крысціна Дзмітрук завяршыла выступы на адкрытым чэмпіянаце Францыі. У другім кваліфікацыйным раундзе беларуска, якая займае 216-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла швейцарскай тэнісістцы Сімоне Вальтэрт, у якой 127-я пазіцыя, – 6:7 (6:8), 2:6.
Ткачук закінуў самую познюю пераможную шайбу ў серыі плэй-оф у гісторыі НХЛ
Форвард „Фларыды” Мэцью Ткачук закінуў пераможную шайбу ў чацвёртым матчы паўфіналу Кубка Стэнлі супраць „Караліны” 4:3 і прынёс сваёй камандзе перамогу ў серыі з лікам 4-0. Нападнік вызначыўся за 5 секунд да канца трэцяга перыяду. Самы позні пераможны гол у серыі плэй-оф у гісторыі НХЛ (улічваюцца матчы, якія скончыліся ў асноўны час) быў закінуты Нікам Мецам у 1942 годзе ў серыі „Таронта” — „Рэйнджэрс”. Мец таксама вызначыўся за 5 секунд да канца сустрэчы. Ткачук паўтарыў яго рэкорд. „Фларыда” у фінале Кубка Стэнлі сустрэнецца з пераможцам пары „Вегас” — „Далас” (там лік у серыі — 3:0).
Беларускае Радыё Рацыя
