Футбалісты „Баварыі” перамаглі „Манчэстэр Юнайтэд” на старце Лігі чэмпіёнаў
Мюнхенская „Баварыя” абыграла ангельскі „Манчэстэр Юнайтэд” у першым туры групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Гуляючы на сваім полі, чэмпіёны Германіі на працягу ўсёй сустрэчы валодалі ініцыятывай і ў выніку дамагліся перамогі 4:3. Адзін з мячоў забіў навічок баварскага клуба форвард англійскай зборнай Хары Кейн, які рэалізаваў пенальці ў пачатку другога тайма. У іншым паядынку папярэдняй групы А турэцкі „Галатасарай” у Стамбуле згуляў унічыю з дацкім „Капенгагенам” – 2:2. У квартэце D фіналіст мінулага сезона Лігі чэмпіёнаў італьянскі „Інтэр” ў іспанскім Сан-Себасцьяне разышоўся мірам з мясцовым клубам „Рэал Сасьедад” – 1:1. У Лісабоне партугальская „Бенфіка” нечакана саступіла аўстрыйскаму „Зальцбургу” з лікам 0:2.
Футбалісты мадрыдскага „Рэала” у першым паядынку папярэдняй групы С з вялікай цяжкасцю адолелі ў сталіцы Іспаніі дэбютанта галоўнага кантынентальнага турніру нямецкі „Уніён” з Берліна – 1:0. У складзе 14-разовых ўладальнікаў Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў пераможны мяч на 4-й кампенсаванай хвіліне другога тайма забіў Джуд Белінгем. У другім матчы гэтага квартэта партугальская „Брага” прайграла італьянскаму „Напалі” 1:2. Лонданскі «Арсенал» разграміў нідэрландскі «ПСВ» 4:0. «Севілья» згулялі ўнічыю з «Лансам» 1:1.
Менскае „Дынама” прайграла яраслаўскаму „Лакаматыву”
Менскае „Дынама” на хатняй арэне прайграла яраслаўскаму „Лакаматыву” 1:4. Першую шайбу госці закінулі ўжо на 30-й секундзе сустрэчы, а чацвёртую закінулі пад канец гульні ў пустую браму. У „зуброў” вызначыўся толькі Джэмел Сміт. У менскага „Дынама” — пятая параза запар. Заўтра клуб сустракаецца з падмаскоўным „Віцязем”. У папярэдняй сустрэчы дынамаўцы перамаглі з лікам 7:0.
Азаранка стала чвэрцьфіналісткай турніру WTA у Мексіцы
Беларуска Вікторыя Азаранка стала чвэрцьфіналісткай турніру катэгорыі WTA-1000 у мексіканскай Гвадалахары з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў. Беларуска, якая займае 23-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла расейскую тэнісістку Вераніку Кудзерметаву, у якой 19-я пазіцыя, – 6:2, 6:1. У чвэрцьфінале суперніцай Азаранкі будзе 11-ы нумар рэйтынгу WTA францужанка Каралін Гарсія, якая ў 1/16 фіналу перамагла беларуску Аляксандру Сасновіч – 4:6, 7:6 (7:5), 6:4.
Беларускае Радыё Рацыя
