Футбалісты Беларусі перамаглі Казахстан у Лізе нацый
Футбалісты зборнай Беларусі перамаглі зборную Казахстана ў хатнім матчы Лізе нацый УЕФА. У гульні на поле менскага стадыёна „Дынама” гаспадары забілі па голу ў кожным тайме – на 19-й хвіліне лік адкрыў Яўген Яблонскі, а ў самым канцы гульні Раман Юзэпчук усталяваў канчатковы лік — 2:0. У іншым матчы чацвёртага тура спаборніцтваў у 4-й групе лігі С футбалісты
Літвы ў Вільні згулялі ўнічыю з албанцамі – 0:0.
Беларусы, набраўшы 7 ачкоў, узначальваюць турнірную табліцу. У наступным туры 15 лістапада зборная Беларусі прыме ў Менску футбалістаў Літвы, а албанцы дома згуляюць з казахстанскай камандай.
Дубль Левандоўскага прынёс зборнай Польшчы буйную перамогу ў матчы з Босніяй
У матчы 4-га тура групавога этапу Лігі нацый УЕФА зборная Польшчы на сваім полі разграміла нацыянальную каманду Босніі і Герцагавіны з лікам 3:0. Сустрэча адбылася ў Вроцлаве на стадыёне «Мейскі». Лік быў адкрыты ў канцы першага тайма – на 40-й хвіліне аўтарам забітага мяча стаў Роберт Левандоўскі, якому асіставаў Каміль Юзвяк. Перад самым свістком на перапынак перавагу польскай нацыянальнай каманды павялічыў Караль Лінэці з перадачы Левандоўскага. У пачатку другога тайма лік да буйнога давёў Левандоўскі, які аформіў дубль з паса Матэуша Кліха. Польшча, набраўшы сем ачкоў, выйшла на 1-е месца ў турнірнай табліцы групы 1 Лігі А.
Максім Валадзько заяўлены „Тамбовам” на матчы РПЛ
„Тамбоў” унёс ў заяўку на сезон у РПЛ беларускага абаронцу Максіма Валадзько. Пра пераход Валадзько клуб пакуль не абвяшчаў афіцыйна.
27-гадовы беларус быў вольным агентам, яго апошнім клубам быў тульскі „Арсенал”. У мінулым сезоне ён адыграў за „кананіраў” чатыры матчы.
Аляксандр Паўлавец будзе гуляць за «Растоў»
Абаронца зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Паўлавец перайшоў у „Растоў”. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце клуба з Растова-на-Дану. Раней 24-гадовы футбаліст выступаў за берасцейскае „Дынама”, з якім стаў чэмпіёнам Беларусі. „Гулец прыедзе ў Растоў да закрыцця трансфернага акна. Вітаем Аляксандра ў „Растове” і жадаем яму добрай гульні”, – гаворыцца ў паведамленні.
„Мяшкоў Брэст” саступіў „Кельцэ”.
„Мяшкоў Брэст” саступіў польскаму клубу „Кельцэ” у матчы групавога раўнда гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Ужо пасля першага тайма берасцейцы саступалі 11:18, розніца ў сем мячоў засталася і пасля заканчэння гульні 27:34. Берасцейскі клуб мае 4 ачкі і трэцяе месца ў сваёй групе, лідыруе «Кельцэ».
Равенка і Пінчук падпісалі з ХК „Дынама-Мінск” пробныя кантракты
Форвард „Гомеля” Ігар Равенка і яго калега па аплуа са жлобінскага „Металурга” Віталь Пінчук падпісалі пробныя кантракты з ХК „Дынама-Мінск”. Ігар Равенка сезон пачаў у „Гомелі” і ў 11 гульнях за „рысяў” набраў 15 (3 + 12) ачкоў. Да гэтага ён выступаў за менскае „Юнацтва” і гарадзенскі „Нёман”. Таксама ў яго кар’еры былі тры сезоны ў „Прынц Альберт Рэйдэрс” з WHL і спаборніцкі год у пензенскім „Дызелі” з ВХЛ.
У 2008 годзе ў складзе зборнай Беларусі Ігар Равенка стаў другім бамбардзірам юнацкага чэмпіянату свету: 11 (3 + 8) ачкоў у 6 матчах.
Віталь Пінчук у 12 матчах за „сталёвых ваўкоў” набраў 8 (2 + 6) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+4”. Таксама форвард прызнаваўся лепшым маладым гульцом чацвёртага тыдня чэмпіянату Беларусі.
Мінулы сезон Віталь Пінчук правёў у Паўночнай Амерыцы. Нападнік быў абраны на імпарт-драфце CHL клубам хакейнай лігі Антарыа „Кінгстан Фронтэнакс” ў другім раўндзе пад агульным 62-м нумарам. У 54 матчах за гэты клуб хакеіст набраў 34 (13 + 21) ачкі.
Беларускае Радыё Рацыя