Моладзевая зборная Беларусі прайграла харватам у кваліфікацыі ЧЕ
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) пацярпелі пятую паразу ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2025 года. У сваім восьмым паядынку групы G беларусы саступілі ў армянскім Армавіры аднагодкам з Харватыі – 0:1. Харваты мелі невялікую перавагу на працягу ўсёй гульні, беларускія футбалісты адказвалі вострымі контратакамі. На 84-й хвіліне гульні харвацкаму нападніку Марыну Любічычу ўсё ж удалося засмуціць брамніка беларусаў. У першым матчы гэтых каманд, які адбыўся 17 кастрычніка, харваты выйгралі з лікам 2:0. Дзве заключныя сустрэчы падначаленыя Сяргея Ясінскага правядуць у наступным годзе: 22 сакавіка на сваім полі з камандай Грэцыі, а 15 кастрычніка ў гасцях у фарэрцаў.
Італія і Славенія едуць на Еўра-2024
Італія згуляла ўнічыю з Украінай. Cустрэча 10-га тура групы C адборавага этапа на чэмпіянат Еўропы паміж зборнымі Украіны і Італіі на стадыёне „Бай-Арэна” ў нямецкім Леверкузене завяршылася з лікам 0:0, што дазволіла зборнай Італіі прайсці на Еўра-2024. Італія засталася на другой пазіцыі турнірнай табліцы групы C, набраўшы 14 ачкоў у васьмі праведзеных матчах. Украіна ж размяшчаецца на трэцяй пазіцыі пасля аналагічнай колькасці сустрэч, набраўшы таксама 14 ачкоў, і згуляе ў стыках Лігі нацый за пуцёўку на Еўра-2024. Таксама зборная Славеніі абыграла зборную Казахстана 2:1. Пасля 10 згуляных матчаў зборная Славеніі заняла другое месца з 22 ачкамі і забяспечыла сабе пуцёўку на чэмпіянат Еўропы. Зборная Казахстана размяшчаецца на трэцім радку з 18 ачкамі. Зборная Англіі не змагла абыграць Паўночную Македонію 1:1, а Данія сенсацыйна прайграла Паўночнай Ірландыі з лікам 0:2.
Менскія дынамаўцы прайгралі чацвёрты матч запар у КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” з паразы пачалі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага гасцявалі ў адной з лепшых каманд Усходняй канферэнцыі – „Лады”. Справы менчан не заладзіліся з самага пачатку матча: галкіпер „зуброў” Аляксей Коласаў быў вымушаны дастаць шайбу з брамкі ўсяго праз 62 секунды пасля стартавага ўкідвання. У другой трэці гаспадары лёду спачатку падвоілі, а затым і патроілі перавагу – таксама здарыўся і чацвёрты гол „Лады”, аднак ён быў адменены пасля відэапрагляду. У пачатку трэцяга перыяду вызначыўся лепшы бамбардзір менчан Сэм Энас. Нажаль, гэтая шайба так і засталася для „зуброў” адзінай, фінальная сірэна зафіксавала лік 3:1 на карысць тальяцінцаў. Гэтая параза стала для беларускай каманды чацвёртай запар. На гэты момант сталічны клуб займае восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, набраўшы 32 ачкі пасля 31 гульні.
„Шахцёр” абыграў „Віцебск” у матчы лідараў беларускай экстралігі
Трыма матчамі ў Віцебску, Гомелі і Гародні ў панядзелак працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральным паядынкам вечара стаў матч дзвюх лепшых каманд сезона – „Віцебска” і „Шахцёра”, якія падышлі да вочнай гульні з аднолькавай колькасцю набраных ачкоў. Да гэтага супернікі сустракаліся толькі ў пачатку верасня, і тады дзве перамогі святкавалі „гарнякі”. Цяперашні матч не стаў выключэннем: на 16-й хвіліне Арцём Дзямкоў вывеў салігарчан наперад, а ў канцы другой трэці лепшы бамбардзір экстралігі Міхаіл Шалагін падвоіў перавагу гасцей. У фінальным перыядзе „мядзведзі” адыгралі адзін гол дзякуючы Іллі Камбовічу, але замест пераводу сустрэчы ў авертайм „Віцебск” прапусціў зноў – канчатковы лік 3:1 на карысць „Шахцёра” ўсталяваў Уладзіслаў Куліеў. Такім чынам, салігарчане працягнулі пераможную серыю да 10 матчаў і выйшлі ў аднаасобныя лідэры чэмпіянату. Паралельна на поўдні краіны адбылася сустрэча прынцыповых супернікаў – „Гомеля” і „Металурга”. У заключнай 20-хвілінцы форвард „рысей” Дзмітрый Калышкін прынёс сваёй камандзе перамогу з лікам 2:1. „Гомель” святкаваў трэцюю перамогу запар, а вось „сталёвыя ваўкі” пацярпелі восьмую няўдачу ў дзесяці апошніх гульнях. Таксама адносіны ў „заходнім дэрбі” высвятлялі хакеісты „Нёмана” і „Ліды”, сустрэча скончылася з лікам 2:0 на карысць гарадзенцаў.
Беларускае Радыё Рацыя