„Іслач” і жодзінскае „Тарпеда” у гонцы за бронзу чэмпіяната Беларусі
Футбалісты „Іслачы” святкавалі валявую вікторыю над сталічным „Энергетыкам-БДУ” 3:2 і на пару гадзін узняліся не трэці радок у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У гэты ж сама дзень жодзінскае „Тарпеда” мінімальна адолела ФК „Мінск” – 1:0.
Менчукі двойчы вялі ў ліку – 1:0 і 2:1, але ўтрымаць сваю перавагу не змаглі, прапусціўшы два мячы. Дзякуючы гэтай перамозе, „ваўкі” набралі 47 ачкоў і абышлі жодзінскіх тарпедаўцаў, якія сёння прымуць на сваім полі футбалістаў „Менска”. Футбалісты „Слуцка” ў сябе на хатняй арэне абыгралі салігорскі „Шахцёр” 3:2. Яшчэ ў адным матчы ў Мазыры мясцовая „Славія” будзе супернічаць з „Гомелем”.
Два прэтэндэнты на чэмпіёнскі тытул свае сустрэчы правядуць у нядзелю. Лідар турніру менскае „Дынама” згуляе ў Бабруйску з мясцовай „Белшынай”, а гарадзенскі „Нёман” на полі „Барысаў-Арэны” сустрэнецца з БАТЭ. Калі менчукі выйграюць, а гарадзенская дружына не пераможа, то сталічныя дынамаўцы за тур да фінішу забяспечаць сабе залатыя медалі. Таксама заўтра футбалісты „Смаргоні” прымуць на сваім полі берасцейскае „Дынама”.
Магілёўскі „Дняпро” вярнуўся ў вышэйшую лігу
„Віцебск” паспрабуе туды прабіцца праз стыкавыя матчы.
Сёння матчамі 34-га тура завяршыўся чэмпіянат Беларусі па футболе ў першай лізе. „Дняпро” перамог „Асіповічы” 1:0, а „Віцебск” выйграў у пінскай „Хвалі” 3:0. „Дняпро” і „Віцебск” набралі аднолькавую колькасць балаў, але магілёўскі клуб знаходзіцца вышэй па дадатковых паказчыках, і ён заваёўвае прамую пуцёўку ў вышэйшую лігу.
„Віцебск” згуляе ў стыкавых матчах з 14-й камандай вышэйшай лігі. Гэта будзе або салігорскі „Шахцёр”, або „Белшына”. Адметна, што ў мінулым годзе „Арсенал”, „Дняпро” і „Віцебск” пакінулі вышэйшую лігу.
Гандбалісткі зборных Беларусі і Расеі правядуць першы спарынг у Менску
Гандбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі прымаюць каманду Расеі ў першым хатнім таварыскім матчы. Паядынак беларусак і расеянак праходзіць на паркеце менскага Дома гандбола. Галоўны трэнер беларускай дружыны Валерый Пяўніцкі запрасіў на сустрэчы з расейскай зборнай 25 гандбалістак, сярод якіх і спартоўкі, якія выступаюць у замежных клубах, у тым ліку і расейскіх. Паўторны паядынак беларускіх і расейскіх гандбалістак адбудзецца 26 лістапада, уваход на матчы вольны.
Турнір на прызы Мядзведзя збярэ змагароў з 8 краін
Міжнародныя спаборніцтвы па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя збяруць каля 200 спартоўцаў з васьмі краін, пра гэта расказаў Sputnik старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы (БФБ) Алім Селімаў.
Сярод удзельнікаў апроч краін СНД значыцца Бахрэйн. Таксама за медалі будуць змагацца і расейскія атлеты. Раней спаборніцтвы былі перанесены з верасня на лістапад. Сялімаў зазначыў, што прычына крыецца ў „не вельмі зручных датах турніру”.
Турнір па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя пройдзе з 26 па 27 лістапада. Апроч маладых беларускіх спартоўцаў, выступіць і асноўны склад. Імянныя спаборніцтвы на прызы тытулаванага змагара праводзяцца ў Менску з 1970 года і сталі для многіх спартоўцаў знакавымі ў кар’еры.
Беларускае Радыё Рацыя