Футбалісты Італіі першымі выйшлі ў плэй-оф чэмпіяната Еўропы



Зборная Італіі разграміўшы швейцарцаў 3:0, выйграла другі матч на чэмпіянаце Еўропы па футболе і першай забяспечыла сабе выхад у плэй-оф. У матчы ў Рыме на 18-й хвіліне капітан „скуадра адзуры” Джорджыа К’еліні адправіў мяч у браму, але гол не быў залічаны. Праз 7 хвілін Мануэль Лакатэлі ўдарам з блізкай адлегласці ўсё ж адкрыў лік. Пасля перапынку на 52-й хвіліне хуткая контратака гаспадароў завяршылася другім дакладным ударам Лакатэлі. Апошнюю кропку ў гэтай гульні незадоўга да фінальнага свістка паставіў Чыра Імобіле. Туркі пацярпелі другую паразу, на гэты раз зборнай Уэльса 0:2. На 42-й хвіліне Аран Рэмзі з перадачы Гарэта Бэйла адкрыў лік. Пасля перапынку туркі шмат атакавалі, аднак адыграцца ім не ўдалося. На 60-й хвіліне Гарэт Бэйл меў шанец падвоіць перавагу Уэльса, але не рэалізаваў пенальці. А на 5-й кампенсаванай хвіліне кропку паставіў Конар Роберц, які замкнуў перадачу ўсё таго ж Бэйла.

У квартэце В футбалісты Расеі адолелі ў Санкт-Пецярбургу фінскую зборную з мінімальнай перавагай 1:0. Пераможны мяч ў кампенсаваны час першага тайма забіў Аляксей Міранчук.

Футбалісты „Узды” выйшлі ў 1/16 Кубка Беларусі

Футбалісты „Узды” сталі апошнімі ўдзельнікамі 1/16 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Яны адолелі на выездзе яшчэ аднаго прадстаўніка другой лігі нацыянальнага першынства „Гомельскі вопытны лясгас” у серыі пасляматчавых пенальці – 4:2 (асноўны час завяршыўся з лікам 1:1) – і зараз паспрачаюцца за выхад у 1/8 фіналу з чэмпіёнам краіны салігорскім „Шахцёрам „. „Вітэн” перамог ВРЗ на старце фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Аршанскі „Вітэн” перамог гомельскі ВРЗ з лікам 5:3 у стартавым матчы фінальнай серыі за залатыя медалі 32-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Воршы дзеючы чэмпіён краіны ўжо ў самым пачатку гульні двойчы запар забіў у брамку гамяльчан. Госці не збіраліся здавацца без бою і да перапынку выраўнялі становішча – 2:2. У другім тайме гаспадары забілі яшчэ тры мячы, на што ВРЗ змог адказаць толькі адным голам. Другі паядынак серыі да трох вікторый адной з каманд адбудзецца 20 чэрвеня ў Гомелі.

Серхіа Рамас пакідае „Рэал”

Капітан „Рэала” Серхіа Рамас прыняў канчатковае рашэнне пакінуць клуб. Сёння ён дасць спецыяльную прэс-канферэнцыю, на якой абвесціць аб сваім рашэнне. Новы галоўны трэнер мадрыдцаў Карла Анчалоці спрабаваў угаварыць 35-гадовага гульца застацца. Але Рамас так і не змог дамовіцца аб новым кантракце з „Рэалам”, за які выступае з лета 2005 года. За ўвесь час у сталічным клубе абаронца выйграў 22 трафея, у тым ліку чатыры Лігі чэмпіёнаў, чатыры тытула Прымеры і два Кубка Іспаніі. На яго рахунку 670 матчаў, 101 гол і 40 галявых перадач.

Сцяпан Фалькоўскі перайшоў з мінскага „Дынама” у піцерскі СКА

Беларускі абаронца Сцяпан Фалькоўскі перайшоў з мінскага „Дынама” ў піцерскі СКА. Узамен у размяшчэнне „зуброў” прыбудзе абаронца, паведамляе прэс-служба клуба. Сумарна ў 42 матчах мінулага рэгулярнага сезону і плэй-оф Фалькоўскі набраў 20 (8 + 12) ачкоў. У снежні быў прызнаны лепшым абаронцам месяца ў КХЛ: тады ў дзевяці матчах набраў 6 (3 + 3) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+6”.

Сабаленка прайграла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Берліне

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка няўдала згуляла ў адзіночным разрадзе турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў. У 1/8 фіналу чацвёртая ракетка планеты сустракалася з амерыканскай тэнісісткай Мэдысан Кіз і саступіла ў двухгадзінным трохсэтавым паядынку – 4:6, 6:1, 5:7.

Беларускае Радыё Рацыя