Футбалісты „Краснадара” прайгралі „Чэлсі” ў Лізе чэмпіёнаў



Футбалісты „Краснадара”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч, буйна прайгралі лонданскаму „Чэлсі” у хатнім матчы другога тура Лігі чэмпіёнаў — 0:4. У першай палове сустрэчы ў Краснадары футбалісты англійскага клуба валодалі ініцыятывай і на 14-й хвіліне зарабілі пенальці. Аднак адкрыць лік гасцям не ўдалося – Жаржыньё не рэалізаваў 11-метровы. І ўсё ж да перапынку „Чэлсі” апынуўся наперадзе – на 39-й хвіліне гульні дакладны ўдар выканаў Калум Хадсан-Адоі. У другім тайме гаспадары пайшлі наперад вялікімі сіламі, стварылі некалькі галявых момантаў, але не рэалізавалі іх. А на 75-й хвіліне гульні ў штрафной плошчы краснадарцаў мяч трапіў у руку Аляксандру Мартыновічу і Ціма Вернэр рэалізаваў пенальці. Затым Хакім Зіеш і Крысціян Пулішыч давялі справу да разгрому – 4:0 на карысць „Чэлсі”.

У квартэце Н турэцкі „Істанбул” прымаў на сваім полі французскі „Пары Сен-Жэрмен” і прайграў з лікам 0:2. Галявы дубль у другім тайме аформіў Мойзэ Кен. Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” разграміў нямецкі „Лейпцыг” 5:0.

Піцерскі «Зеніт» пацярпеў другую паразу – на гэты раз у гасцях ад дортмундскай «Барусіі» з лікам 0:2 і займае пакуль апошняе месца ў групе. «Бруге» згуляў унічыю з «Лацыё» 1:1, «Севілья» мінімальна выйграла ў французскага «Рэна» 1:0.«Ференцвараш» змог выратаваць хатні матч з кіеўскім «Дынама». Прайграючы 0:2 пасля першага тайма, каманда з Вугоршчыны адыгралася і скончыла матч унічыю 2:2.

І нарэшце галоўны матч дня «Ювентус» – «Барселона» скончыўся гасцявой перамогай каталонцаў з лікам 2:0. Першы мяч на 14-й хвіліне забіў Дэмбеле, а другі – на 91-й Месі з пенальці.

«Ювентус» гуляў без Раналду, у якога каронавірус, а тры галы італьянцаў былі не залічаныя пасля падказак VAR.

„Шахцёр” хоча падпісаць Паўла Савіцкага

Хаўбек берасцейскага „Дынама” Павел Савіцкі трапіў у сферу інтарэсаў салігорскага „Шахцёра”. Гарнякі спрабуюць падпісаць гульца. У вышэйшай лізе-2020 Савіцкі правёў 20 матчаў, забіў дзевяць мячоў і аддаў тры галявыя перадачы.

Скавыш прызнаны найлепшым гульцом 27-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Максім Скавыш прызнаны найлепшым гульцом 27-га тура чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У мінулы ўік-энд 30-гадовы нападнік барысаўскага БАТЭ аформіў галявы дубль у пераможным хатнім паядынку з „Віцебскам”. Максім Скавыш узначальвае спіс лепшых бамбардзіраў 30-га нацыянальнага першынства, забіўшы 17 мячоў. Ён у чацвёрты раз уключаны ў сімвалічную зборную тура, а капітан БАТЭ Ігар Стасевіч у сёмы раз увайшоў у каманду тура.

Менскае „Дынама” выйграла ў рыжскіх аднаклубнікаў у матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты мінскага „Дынама” абыгралі рыжскіх аднаклубнікаў у матчы чэмпіянату КХЛ. Сустрэча завяршылася на карысць падапечных Крэйга Вудкрафта з лікам 3:0. На 29-й хвіліне менчукам удалося адкрыць лік: калі каманды гулялі ў фармаце „4 на 4”, Брэнан Менэл змог закінуць шайбу. Зрэшты, на гэтым галявыя сітуацыі каля брамкі рыжан не скончыліся. Праз 4 хвіліны Ягор Шаранговіч падвоіў перавагу каманды, закінуўшы сваю чацвёртую шайбу ў чатырох апошніх матчах чэмпіянату КХЛ. Пасля перапынку мінчане змаглі адправіць трэцюю шайбу ў брамку рыжанаў. Зноў вызначыўся Ягор Шаранговіч. Ён стаў 13-м беларусам у складзе мінскага „Дынама”, які змог закінуць 10 шайбаў за сезон у КХЛ.

Такім чынам, мінчане перапынілі пяціматчавую бяспройгрышную серыю. Наступную сустрэчу беларускі клуб правядзе 30 кастрычніка ў гасцях. Супернікамі дынамаўцаў стануць тарпедаўцы з Ніжняга Ноўгарада.

Беларускае Радыё Рацыя