Футбалісты „Ліверпуля” саступілі „Атлетыка” на старце плэй-оф Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты мадрыдскага „Атлетыка” і дортмундскай „Барусіі” дамагліся хатніх перамог у першых матчах 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Матч у іспанскай сталіцы пачаўся нечакана – ужо на 4-й хвіліне пасля розыгрышу кутавона паўабаронца гаспадароў Саўль Нігес адкрыў лік. Далей ліверпульцы больш валодалі мячом, але іх нападам не хапала вострага завяршэння.
Адзін з фаварытаў нямецкай бундэслігі дортмундская „Барусія” прымала на сваім полі лідара французскага чэмпіянату „Пары Сэн-Жэрмэн” і перамагла 2:1. Пасля перапынку галявы дубль аформіў нарвежскі форвард гаспадароў Эрлінг Холанд, на што парыжане адказалі голам Неймара. У гэтых парах у адказ сустрэчы за выхад у чвэрцьфінал адбудуцца 11 сакавіка.
Італьянка Даратэя Вірэр выйграла золата ў індывідуальнай гонцы на Чэмпіянаце свету ў Антхольцы
Італьянка Даратэя Вірэр заняла першае месца ў індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету, які праходзіць у Антхольцы. Пераможца, для якой гэта другая вікторыя на хатнім планетарным форуме, пераадолела 15 км за 43 хвіліны 7,7 секунды з двума промахамі на агнявых рубяжах. Другое месца ў немкі Ванэсы Хінц. Замкнула тройку прызёраў нарвежка Марце Олсбю-Ройсэлан. Лепшы вынік сярод беларускіх біятланістак паказала Ірына Крыўко, якая стала 30-й. Ганна Сола заняла 50-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе, Алена Кручынкіна – 77-ю, Ірына Кручынкіна — 88-ю. Сёння чэмпіянат свету ў Антхольцы працягнецца мужчынскай індывідуальнай гонкай на 20 км.
Зборная Беларусі на Чэмпіянаце Еўропы па біятлоне ў „Раўбічах” выступіць асноўным складам
Стаў вядомы склад беларускай зборнай на Чэмпіянат Еўропы па біятлоне ў „Раўбічах”, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БФБ. У стартах жанчын Беларусь прадставяць Ірына Крыўко, Ганна Сола, Дынара Алімбекава, Алена і Ірына Кручынкіны, Адэліна Сабітава, Дар’я Кудаева. У спаборніцтвах мужчын стаўка зроблена на Сяргея Бачарнікава, Рамана Елетнава, Антона Смольскага, Мікіту Лабастава, Максіма Вераб’я, Віктара Крыўко і Ягора Казарынава. Варта адзначыць, што ў сваіх наймацнейшых складах выступяць на кантынентальным першынстве страляючыя лыжнікі з Расеі, Украіны, Латвіі і Балгарыі.
Чэмпіянат Еўропы па біятлоне перанеслі ў Беларусь, бо з-за цёплага надвор’я ў Эстоніі арганізатары не змаглі гарантаваць умовы, неабходныя для правядзення мерапрыемства.
Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Дубаі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспяхова стартавала на турніры катэгорыі „Прэм’ер” у Дубаі. У першым раўндзе беларуска сустракалася з грачанкай Марыяй Сакарай і перамагла ў трохсэтавым матчы – 6:2, 4:6, 6:1. У паядынку 1/8 фіналу Арына сустрэнецца з бельгійскай тэнісісткай Элізэ Мёртэнс, якая з’яўляецца яе партнёркай у парных спаборніцтвах. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч, якая прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, прайграла ў 1/16 фіналу французскай тэнісістцы Крысціне Младзенавіч – 4:6, 3:6. Беларускі тэнісіст Ілля Івашка завяршыў выступы на турніры ў французскім Марсэлі. У 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларус за дзве з паловай гадзіны саступіў у трохсэтавым паядынку харвацкаму тэнісісту Марыну Чылічу – 6:3, 6:7, 4:6. У паядынку першага раўнда супернікам яшчэ аднаго беларуса Ягора Герасімава будзе аўстрыйскі тэнісіст Дэніс Новак. Абодва беларусы прабіліся ў асноўную сетку праз кваліфікацыю.
Хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Дынама-Маладэчна” і ўмацавалі лідарства ў чэмпіянаце Беларусі
Хакеісты менскага „Юнацтва” перамаглі „Дынама-Маладэчна” з лікам 3:2, умацаваўшы лідарства ў чэмпіянаце Беларусі. Матч паміж прынцыповымі супернікамі развіваўся па сцэнары „Юнацтва”. Да пачатку другой трэці паядынку гаспадары лёду вялі з лікам 3:0, дзякуючы галам Дзяніса Цыганова, Данііла Бокуна і Усевалада Кашкара. Зрэшты, да трэцяга перыяду маладэчанцы выраўнялі сітуацыю на пляцоўцы. Спачатку на 48-й хвіліне Руслан Журня скараціў адставанне, а за тры хвіліны да фінальнай сірэны Вячаслаў Грэцкі зрабіў перавагу падначаленых Аляксандра Макрыцкага яшчэ больш хісткай. Зрэшты, да авертайма справа так і не дайшла. Менчане змаглі адстаяць выгадны для іх лік. У іншым паядынку жлобінскі „Металург” нанёс паразу „Нёману” ў дадатковы час – 2:1, а раней салігорскі „Шахцёр” у гасцях саступіў „Гомелю” — 2:4. Такім чынам, за тыдзень да завяршэння „рэгулярнага” чэмпіянату „Юнацтва” пасля 55 матчаў набраў 118 ачкоў. У бліжэйшых пераследнікаў з Гародні 113 пунктаў. Замыкаюць тройку наймацнейшых „гарнякі”, у якіх на рахунку 98 ачкоў.
Уладзімір Верамеенка ўпершыню за амаль 13 гадоў згуляе за зборную Беларусі
Форвард „Цмокі-Мінск” Уладзімір Верамеенка трапіў у выязны склад зборнай Беларусі на матч перадкваліфікацыі чэмпіянату свету-2023 супраць каманды Кіпра. 35-гадовы Верамеенка згуляе за нацыянальную каманду ўпершыню за амаль 13 гадоў. Апошні раз шасціразовы лепшы баскетбаліст краіны згуляў за зборную Беларусі ў верасні 2007 года на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне „Б”. У 2017 годзе Уладзімір афіцыйна абвясціў аб завяршэнні кар’еры ў нацыянальнай камандзе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя