Футбалісты „Мінска” выйшлі ў другі раунд кваліфікацыі юнацкай ЛЧ



Футбалісты „Мінска” выйшлі ў другі адборавы раунд юнацкай Лігі чэмпіёнаў. У паядынку ў адказ стартавага круга кваліфікацыі менчукі абыгралі на сваёй арэне латвійскі „Даўгаўпілс” з вынікам 2:0.

У першым паядынку, які адбыўся 29 верасня ў Юрмале, беларусы разграмілі супернікаў з лікам 4:0. У наступны раз „Менск” згуляе супраць пераможцы матчаў паміж харвацкім „Хайдукам” і паўночнамакедонскай „Шкендыяй”. У іх першай сустрэчы харвацкія футбалісты перамаглі – 2:0.

Арына Сабаленка прабілася ў 1/4 фіналу турніру ў Маскве

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал турніру „ВТБ Кубак Крамля” ў Маскве. Другая ракетка планеты ў 1/8 фіналу сустракалася з аўстралійкай Айлай Тамлянавіч (43-ы нумар сусветнага рэйтынгу) і перамагла – 7:6 (7:2), 4:6, 6:1. У паядынку за выхад у паўфінал Сабаленка будзе супернічаць з пераможцай сустрэчы паміж украінкай Ангелінай Калінінай (57) і расейкай Кацярынай Аляксандравай (37). У стартавай гульні парнага разраду беларускія тэнісісткі Вера Лапко і Лідзія Марозава прайгралі латвійска-чэшскаму дуэту Алена Астапенка / Кацярына Сінякова – 3:6, 2:6. У мужчынскай частцы спаборніцтваў беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (109) у першым раўндзе абыграў серба Міаміра Кецмановіча – 6:3, 1:6, 6:4. У 1/8 фіналу Герасімаў згуляе з расейскім тэнісістам Асланам Карацавым. Яшчэ адзін беларус Ілья Івашка (43) прыняў рашэнне зняцца з турніру.

Менскае „Дынама” падпісала пробны кантракт з Янам Шостакам

У менскае „Дынама” прыбыў 17-гадовы брамнік Ян Шостак. Выхаванец СДЮШАР „Дынама” ў гэтым сезоне правёў пяць матчаў за „Дынама-Маладзечна” ў экстралізе. У мінулым сезоне Шостак стаў чэмпіёнам вышэйшай лігі ў складзе „Мінскіх зуброў”. Менскае „Дынама” падпісала з Шостакам пробны кантракт, – паведамляе афіцыйны сайт «зуброў”.

Зборная Беларусі разграміла кіпрыётак у матчы кваліфікацыі ЧЕ-2022

Зборная Беларусі сярод дзяўчат не старэйшых за 19 гадоў 20 кастрычніка матчам з Кіпрам пачала барацьбу ў лізе „В” кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА. Сустрэча завяршылася упэўненай перамогай спартоўцаў Уладзіміра Шындзікава (6:0). Дублямі вызначыліся Мэла Суроўцава і Наталля Асмыковіч. Па адным мячы забілі Анастасія Пабегайла і Дыяна Бакум.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fcminsk.by