Футбалісты менскага „Дынама” абыгралі БАТЭ ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты менскага „Дынама” абыгралі лідара чэмпіянату Беларусі барысаўскі БАТЭ з лікам 2:0 у гасцявым паядынку 15-га тура. У першым тайме сустрэчы на поле „Барысаў-Арэны” невялікую перавагу мелі гаспадары, але рэалізаваць яе не змаглі. Дынамаўцы адказвалі вострымі контратакамі, якія пасля перапынку прынеслі ім поспех. На 64-й хвіліне Яўген Шыкаўка эфектна замкнуў верхавую перадачу з правага флангу, а яшчэ праз дзве хвіліны Міхаіл Казлоў замацаваў поспех каманды Леаніда Кучука. Да гэтага барысаўчане не ведалі паразаў на працягу 12 тураў запар. Няўдала згулялі і іншыя фаварыты. Салігорскі „Шахцёр” выйграваў на выездзе ў „Мінска”, але не ўтрымаў перамогу – нічыя 1:1. Дзеючыя чэмпіёны краіны футбалісты берасцейскага „Дынама” саступілі ў гасцях гарадзенскаму „Нёману” з лікам 0:1. Пераможны гол на 17-й хвіліне гульні забіў Павел Забелін. Для гарадзенцаў гэта шостая запар вікторыя ў матчах чэмпіянату Беларусі.
Паўабаронца менскага „Дынама” Міхаіл Казлоў быў прызнаны рэдакцыяй „Прессбола” лепшым гульцом 15-га тура чэмпіянату Беларусі
Хаўбек зарабіў 1+1 па сістэме „гол + пас” ў матчы з БАТЭ і ўнёс значны ўклад у перамогу над лідарам сезона. Да гэтага менскаму „Дынама” не ўдавалася перамагчы ў Барысаве амаль пяць гадоў – са жніўня 2015 года. Для самога Казлова гол у браму БАТЭ стаў першым у чэмпіянаце, раней паўабаронца забіваў не больш як два мячы за сезон. Прычым самай высокай ацэнкі ў туры ганараваўся Джасурбек Яхшыбоеў, які забіў два галы і дзве выніковыя перадачы ў гульні са „Славіяй”. Прычым „Энергетык” -БДУ больш за гадзіну правёў у меншасці. Аднак пры вызначэнні лепшага гульца тура важкім фактарам стала не толькі адзнака гульца, але і статус матчу. А забяспечыць сваёй камандзе тры ачкі ў беларускім „класіка” дарагога варта, – піша „Прессбол”
«Яга» прайграла «Лехіі»
«Ягелонія» прайграла ў Беластоку гданьскай «Лехіі» з лікам 1:2 у матчы 33-га тура экстракласы. Катам «Ягелоніі» стаў Лукаш Зваліньскі, які выйшаў на поле ў пачатку другога тайма і забіў два галы за гасцей. Дзякуючы гэтай перамозе «Лехія» павялічыла сваю перавагу над «Ягелоніяй» у турнірнай табліцы. Падначаленыя Пятра Стакоўца маюць 52 ачкі, у той час як у «Ягі» засталіся 48 пунктаў.
«Рэал» перайграў «Эспаньёл» і абагнаў «Барселону»
У матчы 32-га тура іспанскай Прымеры «Эспаньёл» саступіў мадрыдскаму «Рэалу». Сустрэча адбылася ў Барселоне і завяршылася з лікам 1:0 на карысць гасцей. Адзіны гол на 45-й хвіліне сустрэчы забіў Каземіра з перадачы Карыма Бензема. «Рэал», набраўшы ў 32 матчах 71 ачко, выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы. «Барселона» мае 69 і апусцілася на другі радок.
У матчы 28-га тура чэмпіянату Італіі па футболе «Рома» у гасцях саступіла «Мілану» з лікам 0:2. На 76-й хвіліне адзначыўся Рэбіч, а на 89-й Чалханаглу рэалізаваў пенальці.
„Чэлсі” перамог „Лестэр” і выйшаў у паўфінал Кубка Англіі
У чвэрцьфінале Кубка Англіі па футболе «Чэлсі» перайграў «Лестэр» з лікам 1:0 і выйшаў у наступны раўнд спаборніцтваў. У матчы за выхад у фінал «Чэлсі» згуляе з «МЮ». «Арсенал» вырваў перамогу ў чвэрцьфінале Кубка Англіі з «Шэфілд Юнайтэд» – 2:1. Лонданцы выйшлі ў паўфінал турніру, дзякуючы голу Себальеса на 1-й даданай хвіліне гульні.
НХЛ плануе праводзіць па тры матчы ў дзень у плэй-оф
Інсайдэр Sportsnet Эліат Фрыдман распавёў аб планах НХЛ датычна аднаўлення сезона. «Мне заўсёды казалі, што варта рыхтавацца да трох матчаў за дзень. Менавіта такую колькасць матчаў будзем глядзець кожны дзень. У цяперашнім выглядзе апошні магчымы дзень фіналу Кубка Стэнлі – 5 кастрычніка. Раней журналіст New York Post Лэры Брукс паведаміў, што старт кваліфікацыйнага раунда Кубка Стэнлі прызначаны на 30 ліпеня.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sportnaviny.com
