Футбалісты «Мінска» святкавалі перамогу ў матчы чэмпіянату Беларусі



Бабруйская «Белшына» не ўтрымала перамогу над футбалістамі «Мінска» ў апошнім матчы першага тура чэмпіянату Беларусі, саступіўшы з лікам 1:3.

На поле бабруйскага стадыёна імя Аляксандра Пракапенкі гаспадары, якія вярнуліся ў элітны дывізіён пасля трохгадовага перапынку, адкрылі лік на 7-й хвіліне пасля дакладнага ўдару былога гульца мінчан Леаніда Ковеля. Прапусціўшы мяч, госці не склалі рукі і ў другой палове гульні тройчы засмуцілі брамніка «Белшыны». У складзе «Мінска» вызначыліся Аляксандр Васільеў з пенальці, Уладзімір Хвашчынскі і Антон Шрамчанка. На старце 30-га першынства ніхто з прызёраў мінулага сезону не змог дамагчыся перамогі. Чэмпіёны краіны футбалісты берасцейскага «Дынама» згулялі ўнічыю са «Смалявічамі» – 1:1, уладальнік срэбра барысаўскі БАТЭ прайграў на выездзе менскаму «Энергетыку-БДУ» з лікам 1:3, а бронзавы прызёр салігорскі «Шахцёр» саступіў жодзінскаму «Тарпеда-БелАЗу» з лікам 0:1. З такім жа лікам мінскае «Дынама», якое заняло ў мінулым годзе 4-е месца, прайграла на сваёй арэне дэбютанту вышэйшай лігі берасцейскаму «Руху». З першай пяцёркі чэмпіянату краіны 2019 года перамаглі толькі футбалісты «Іслачы», якія перамаглі на полі футбольнага клуба «Мінск» гасцей з гарадзенскага «Нёмана» – 1:0. З такім жа лікам «Віцебск» ўзяў верх над «Гарадзеяй». Футбалісты «Слуцка» з лікам 3:1 перайгралі на сваім полі мазырскую «Славію». Цікава, што ўсе гэтыя матчы нягледзячы на пагрозу каранавіруса наведалі 9574 чалавека, што ў сярэднім складае 1197 заўзятараў на гульні. Найбольшую цікавасць гледачоў выклікала сустрэча ў Берасці, найменшую – матч «Іслачы» і «Нёмана» ў сталіцы.

Хакеісты «Нёмана» перамаглі «Шахцёр» у матчы паўфінальнай серыі

Хакеісты «Нёмана» перамаглі «Шахцёр» у матчы паўфінальнай серыі Кубка Прэзідэнта. Гульня завяршылася ў авертайме – 2:1. Раман Крыкуненка вывеў «Шахцёр» наперад. Каб адыграцца, камандзе з Гародні спатрэбілася крыху менш за пяць хвілін. «Нёман» уключыў высокі прэсінг, і Аляксандр Маляўка трапным кідком прымусіў капітуляваць галкіпера «гарнякоў» Максіма Малюціна. Лёс сустрэчы вырашыўся ў авертайме. На 19-й хвіліне дадатковага часу, гуляючы ў большасці гульцы «Нёмана» вывелі на кідок фіна Ціма Хільтунена, які не прамахнуўся, прынёс сваёй камандзе трэцюю перамогу ў паўфінальнай серыі. Такім чынам, лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:3. Вырашальная, 7-я сустрэча пройдзе 24 сакавіка ў Гародні. Матч пачнецца ў 19.30.

Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску і Рызе можа быць перанесены на год

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль распавёў, што чэмпіянат свету ў Мінску і Рызе, які мае адбыцца ў 2021 годзе, можа быць перанесены на год. «Бачым, што ў такіх ўмовах проста немагчыма правесці чэмпіянат. Усе лігі, нават КХЛ і НХЛ, адменены. Рана казаць пра тое, калі будзе праведзены чэмпіянат свету ў Мінску і Рызе, неабходна сачыць за сітуацыяй крок за крокам«, – цытуе сайт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэля. Напярэдадні было прынята рашэнне аб адмене чэмпіянату свету-2020 у Лазане і Цюрыху з-за каранавіруса. У 2021 годзе турнір павінен прайсці ў Беларусі і Латвіі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fcminsk.by