Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі разграмілі Ліхтэнштэйн
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі перамаглі ў матчы адборачнага раўнда чэмпіянату Еўропы ў сваёй узроставай групе аднагодкаў з Ліхтэнштэйну – 6:0. Матч праходзіў з перавагай беларускай дружыны, якая ўжо да зыходу першага тайма зняла практычна ўсе пытанні пра пераможцу. На 15-й хвіліне матчу Уладзіслаў Марозаў адкрыў лік. Праз 14 хвілін адзначыўся Яраслаў Арэшкевіч, а ў дадатковы час першай паловы матчу трэцяе ўзяцце брамы супернікаў аформіў Аляксандр Шасцюк. На гэтым падначаленыя Сяргея Ясінскага не спыніліся і ў другім тайме яшчэ тройчы прымушалі супернікаў пачынаць з сярэдзіны поля. Дубль аформіў Уладзіслаў Марозаў, яшчэ па голу забілі Віктар Сотнікаў і Алег Нікіфарэнка. У групе D беларусы набралі першыя тры ачкі і займаюць 5 месца пасля 4 гульняў, лідыруюць партугальцы, у якіх 9 ачкоў пасля трох паядынкаў.
Польшча абыграла Албанію
Матч адборачнага турніру чэмпіянату свету – 2022 па футболе паміж зборнымі Албаніі і Польшчы ў Тыране завяршыўся перамогай бела-чырвоных. Лік у матчы быў адкрыты толькі на 77-й хвіліне – навес Матэвуша Кліха замкнуў на далёкай штанзе Караль Свідэрскі. Падчас святкавання гола ў футбалістаў зборнай Польшчы з трыбун паляцелі бутэлькі ды іншыя прадметы, пасля чаго арбітр матчу Клеман Цюрпэн быў вымушаны адвесці каманды ў распранальні. Праз 15 хвілін матч аднавіўся, аднак больш забітых мячоў у ім не здарылася. Лідарам групы I застаецца зборная Англіі, якая напярэдадні не здолела абыграць зборную Венгрыі на „Уэмблі”. Тут таксама не абышлося без інцыдэнтаў. Падчас матчу адбылося сутыкненне венгерскіх фанатаў з паліцыянтамі і сцюардамі. Паліцыя ўжывала дубінкі, каб здушыць беспарадкі. Адзначаецца, што канфлікт адбыўся пасля таго, як венгерскія заўзятары пачалі кпіць і асвістваць англійскіх футбалістаў, якія ўсталі на калена, паведамляе Associated Press. Што датычыць самога матчу, то на 24-й хвіліне Шалаі з пенальці адкрыў лік, а на 37-й хвіліне Стоўнз зрабіў лік нічыйным 1:1. У васьмі матчах Англія набрала 20 ачкоў. Другое месца ўтрымлівае Польшча, якая мае 17 ачкоў. У Львове зборная Украіны згуляла ўнічыю з камандай Босніі і Герцагавіны з лікам 1:1. Пры ліку 1:0 пасля голу Ярмоленкі на 15-й хвіліне гаспадары поля мелі масу стоадсоткавых галявых момантаў, але ні адзін з іх не здолелі рэалізаваць. У адказ на 77-й хвіліне ўкраінцы самі атрымалі гол аўтарства Ахмедходжыча. Зборная Даніі перамагла каманду Аўстрыі 1:0 і заваявала пуцёўку ў Катар. Крышціяну Раналду ў гульні з Люксембургам аформіў хет-трык, прынёсшы партугальцам перамогу 5:0. Гэта ўжо 10-ы хет-трык Раналду ў матчах за нацыянальную каманду. Падобнага паказчыку не дасягаў ніводзін футбаліст у гісторыі. У групе А Партугалія пасля 6 гульняў набрала 16 ачкоў і пакуль на другім месцы ўслед за Сербіяй, у якой на 1 ачко больш, але пасля 7 праведзеных матчаў.
„Дынама” абыгралі „Кунлунь” у КХЛ
Хакеісты мінскага „Дынама” абыгралі „Кунлунь” ў матчы чэмпіянату КХЛ. Першая гульня хатняй серыі завяршылася ў авертайме з лікам 6:5. У складзе „зуброў” закінутымі шайбамі адзначыліся Раман Гарбуноў, Маціяс Тэдэнбю, хет-трык на рахунку Мальце Стрэмваля. У авертайме кропку ў паядынку паставіў Адам Альмквіст, які закінуў шостую шайбу ў брамку „Кунлуня”. Гэта сёмая вікторыя „Дынама” у чэмпіянаце КХЛ.
„Юнацтва” пацярпела паразу ад „Віцебска”
Адбыліся тры матчы Parimatch-Экстралігі чэмпіяната Беларусі па хакею. Сталічнае „Юнацтва” нечакана прайграла на выездзе „Віцебску” з лікам 0:2. У першым перыядзе шайбу закінуў Дзяніс Кузьмін, а ў другім Мікіта Ядроец. У іншых матчах дня госці выйгралі з аднолькавым лікам 3:0, салігорскі „Шахцёр” – у аршанскага „Лакаматыва”, а „Дынама-Маладзечна” – у наваполацкага „Хіміка”.
Трохразовы чэмпіён Беларусі ўвойдзе ў трэнерскі штаб „Нёмана”
Трохразовы чэмпіён Беларусі Сяргей Коласаў увойдзе ў трэнерскі штаб „Нёмана”, паведамляе belarushockey.com. 35-гадовы спецыяліст працаваў у дзіцячай школе „Нёмана”. У бытнасць хакеістам Коласаў абараняў колеры зборнай Беларусі на трох чэмпіянатах свету, а таксама меў вопыт выступаў у АХЛ. У 2004 годзе яго на драфце НХЛ выбіраў „Дэтройт”.
Вікторыя Азаранка перамагла Аляксандру Сасновіч і выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Індыян-Уэлсе Экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка перамагла ў двух сэтах сваю суайчынніцу Аляксандру Сасновіч 6:3, 6:4 у 1/8 фіналу прадстаўнічага турніру ў амерыканскім Індыян-Уэлсе. Гульня працягвалася 1 гадзіну 31 хвіліну. У 1/4 фіналу Азаранка пазмагаецца з амерыканкай Джэсікай Пегулай, якая на папярэдняй стадыі спаборніцтваў разграміла ўкраінку Эліну Світоліну – 6:1, 6:1.
Беларускае Радыё Рацыя