Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі саступілі харватам
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) пацярпелі чацвёртую паразу ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2025 года. У сёмым матчы кваліфікацыйнай групы G падначаленыя Сяргея Ясінскага саступілі на выездзе камандзе Харватыі з лікам 0:2. У самым канцы першай паловы сустрэчы Лука Сучыч рэалізаваў пенальці, а пасля перапынку Марцін Батурына ўсталяваў канчатковы лік гэтага матча. Свой наступны паядынак беларуская каманда правядзе зноў супраць харватаў 20 лістапада ў армянскім Армавіры.
Ангельцы прабіліся ў фінальную частку футбольнага чэмпіянату Еўропы
Футбалісты Англіі забяспечылі сабе пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2024 года. У хатнім паядынку з дзейнымі чэмпіёнамі кантынента італьянцамі ангельцы святкавалі валявую перамогу з лікам 3:1. У пачатку першага тайма Джанлука Скамака вывеў гасцей наперад, а затым капітан гаспадароў Хары Кейн з пенальці аднавіў парытэт. Пасля перапынку ангельцы цалкам кантралявалі ход гульні і забілі двойчы – спачатку вызначыўся Маркус Рэшфард, а потым апошнюю кропку паставіў Хары Кейн, які аформіў дубль. У іншым матчы кваліфікацыйнай групы С футбалісты Украіны ўпэўнена перайгралі на выездзе каманду Мальты – 3:1 і займаюць другое месца, апярэджваючы італьянцаў на тры ачкі, але ў „скуадра адзуры” яшчэ ёсць гульня ў запасе. Лідэры квінтэта G футбалісты Венгрыі не здолелі датэрмінова забяспечыць сабе пуцёўку ў фінал кантынентальнага першынства. Гуляючы ў Коўне з літоўцамі, яны ледзь пазбеглі паразы, вырваўшы нічыю – 2:2. У Бялградзе сербы адолелі чарнагорцаў – 3:1. Футбалісты Казахстана перамаглі фінаў ў Хельсінкі 2:1 і захавалі шанцы выйсці на Еўра.
Хакеісты „Шахцёра”, „Гомеля” і „Ліды” перамаглі ў матчах экстралігі
Трыма матчамі ў Берасці, Воршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Адразу ў двух матчах вечара для вызначэння пераможцы не хапіла не толькі асноўнага часу, але і авертайму ў фармаце „3х3”. Першымі да серыі булітаў дагуляліся хакеісты „Лакаматыва” і „Ліды”. Пасляматчавыя кідкі лепш удаліся лідчанам, у выніку 3:2 – другая запар перамога пасля серыі з сямі няўдач. „Лакаматыў” жа прайграў сёмы раз у васьмі апошніх матчах. У паядынку „Дынама-Маладзечна” і „Гомеля” за 65 гульнявых хвілін каманды абмяняліся галамі толькі па разе, усяго адну ўдалую спробу гледачы ўбачылі і ў серыі булітаў. Фінальны лік – 2:1, „рысі” выйграюць чацвёрты матч запар, маладзечанцы па-ранейшаму замыкаюць турнірную табліцу. У паралельным матчы „Шахцёр” перапыніў серыю з дзвюх няўдач, узяўшы рэванш за нядзельную паразу ў „Брэста”. Паядынак скончыўся з лікам 2:1 на карысць „гарнякоў”, па шайбе за пераможцаў закінулі браты Марк і Кірыл Ярута. Дзякуючы гэтаму поспеху салігарорцы дагналі „Віцебск”, які лідыруе ў экстралізе.
„Барысфен” у напружанай барацьбе адолеў „Гродна-93”
Баскетбалісты з Магілёва справіліся з камандай з Гародні ў матчы групы „А” мужчынскага чэмпіянату краіны – 73:72. „Барысфен” з 10 ачкамі пасля пяці гульняў лідыруе ў табліцы, у „Гродна-93” сем балаў пасля чатырох матчаў і другое месца.
Беларускае Радыё Рацыя