Футбалісты «Нёмана» перамаглі «Тарпеда-БелАЗ»
Футбалісты гарадзенскага «Нёмана» абыгралі жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 3:1 у хатнім матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі.
У першай палове сустрэчы ў Гародні супернікі абмяняліся галамі – на 10-й хвіліне Дзмітрый Юсаў вывеў гасцей наперад, а незадоўга да перапынку Глеб Расадкін аднавіў парытэт. Пасля перапынку гаспадары дзейнічалі значна мацней і яшчэ двойчы засмуцілі брамніка тарпедаўцаў пасля ўдараў Валерыя Жукоўскага (з пенальці) і Зорана Марушыча. Да гэтага «Нёман» прайграў дзве сустрэчы запар, а жодзінцы не ведалі паразаў у шасці турах запар. У стартавай гульні тура лідар першынства барысаўскі БАТЭ, нагадаю, перамог у Берасці дзеючых чэмпіёнаў краіны футбалістаў мясцовага «Дынама» з лікам 3:1. Яшчэ дзве сустрэчы пройдуць сёння: мазырская «Славія» прыме «Гарадзею», а салігорскі «Шахцёр» на хатняй арэне згуляе з бабруйскай «Белшынай».
«Вітэн», ВРЗ, «Сталіца» і БЧ перамаглі ў першых матчах 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Ва ўсіх стартавых паядынках чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе перамаглі госці. У першым матчы аршанскі «Вітэн» абыграў у Жлобіне светлагорскі ЦКК з сухім лікам 3:0. На 6-й хвіліне гульні Сяргей Дзядзічкін забіў першы мяч у браму гаспадароў, у сярэдзіне другога тайма ён аформіў дубль, а за 4 хвіліны да заканчэння сустрэчы Юрый Рабыка ўсталяваў канчатковы лік. Гомельскі ВРЗ у Менску ўзяў верх над «Дарожнікам» з лікам 3: 1.
Менская «Сталіца» выйграла на выездзе ў «Барысава-900» – 4:1, а ў Гародні мясцовае «УУС-Дынама» прайграла гомельскаму БЧ з лікам 2:5.
Чвэрцьфінальныя сустрэчы пройдуць 24 траўня.
НХЛ можа аднавіцца адразу з плэй-оф, за Кубак Стэнлі пазмагаюцца 24 каманды
НХЛ чакае адказу ад прафсаюза гульцоў па новаму фармату аднаўлення турніру. Ліга можа адмовіцца ад заканчэння рэгулярнага чэмпіянату і адразу стартаваць з плэй-оф. Барацьбу за Кубак Стэнлі працягнуць 24 каманды, па 12 лепшых з кожнай канферэнцыі.
Топ-4 з кожнай канферэнцыі аўтаматычна трапляюць у топ-16 плэй-оф, дзе правядуць адзін з адным па тры матчы ў папярэднім раундзе, каб памяняць пасеў. Тыя, што засталіся клубы правядуць серыі да трох перамог, пасля чаго яшчэ 8 каманд сыдуць на канікулы, і стартуе звычайны плэй-оф, паведамляе The Athletic.
Матчы чэмпіянату Нямеччыны пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб ахвярах каронавірусу
Прэзідэнт Нямецкай футбольнай лігі Крысціян Зайферт паведаміў, што матчы 27-га і 28-га тураў першай і другой бундэслігі пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб ахвярах пандэміі каронавіруса.
«Каронавірус забраў мноства жыццяў па ўсім свеце. Нямецкі прафесійны футбол хацеў бы выказаць свае спачуванні ў бліжэйшыя два туры. Таксама варта падзякаваць і высока ацаніць працу тых, хто займаецца медыцынай, клопатам, палітыкай і многім іншым. Наша краіна нястомна змагаецца з наступствамі пандэміі», – як перадае «Чэмпіянат», сказаў Зайферт. Сезон у чэмпіянаце Нямеччыны аднавілі 16 траўня. Раней турнір быў прыпынены з-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА