Футбалісты „Шахцёра” і „Мінска” выйшлі ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі



У розыгрышы футбольнага Кубка Беларусі праходзяць чарговыя паядынкі 1/16 фіналу. Футбалісты „Мінска” ў гасцях адолелі ў дадатковы час прадстаўніка першай лігі „Маладэчна” – 1:0. Салігорскі „Шахцёр” таксама на выездзе з лікам 6:1 разграміў футбалістаў клуба „Івацэвічы-ДЮСШ”, якія выступаюць у другой лізе. У апошнім матчы „Віцебск”, які выступае ў другім дывізіёне, абыграў на сваім полі сталічны „Энергетык-БДУ”. Пераможны гол для гаспадароў поля забіў у другім тайме сустрэчы Раман Лісоўскі.

Супернік БАТЭ па другім раундзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў выйграў першы у сезоне трафей

Кіпрскі „Арыс” стаў уладальнікам Суперкубка сваёй краіны. У матчы за гэты трафей каманда, якую ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, апынулася мацней за „Амонію” 2:0. 18-гадовы беларускі нападнік Арцём Шуманскі, які выступае за „Арыс”, у заяўку клуба на гэты паядынак не трапіў. Нагадаем, ужо ў бліжэйшую сераду, 26 ліпеня, барысаўскі БАТЭ правядзе ў Лімасоле першы матч 2-га раунда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў супраць новаспечаных уладальнікаў Суперкубка Кіпра.

Яраслаў Арашкевіч пяройдзе з БАТЭ ў клуб з Босніі і Герцагавіны

22-гадовы абаронца перабіраецца у „Вележ” з Мостара. У БАТЭ Арашкевіч перайшоў з берасцейскага „Дынама” ў сярэдзіне 2022 года. Разам з камандай ён стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі-2022, правёў 15 матчаў і забіў 1 гол. Сёлета абаронца згуляў у 13 матчах (10 чэмпіянатаў, 3 кубка) і забіў гол.

Месі згуляў першы матч за новы клуб. І адразу забіў гол

Ліянэль Месі ноччу дэбютаваў за «Інтэр» Маямі ў матчы супраць мексіканскага «Крус Асуля». Гэта была гульня ў рамках Leagues Cup — турніру, у якім бяруць удзел каманды ЗША і Мексікі. Аргенцінскі форвард выйшаў на поле на 57-й хвіліне і на апошняй хвіліне сустрэчы забіў прыгожы гол са штрафнога. «Інтэр» Маямі перамог 2:1. 36-гадовы Ліянэль Месі перайшоў у фларыдскі клуб у чэрвені. Ён сяміразовы ўладальнік «Залатога мяча» — прыза, які атрымлівае найлепшы футбаліст года. Гэта рэкордны паказчык. Месі прывёў зборную Аргенціны да перамогі ў Кубку Амерыкі ў 2021 годзе і да залатых медалёў на чэмпіянаце свету ў 2022 годзе.

Беларускі форвард Данііл Коска застаецца ў „Мінску”

У мінулым сезоне Данііл прыняў удзел у 22 гульнях Адзінай Лігі ВТБ. Сярэдні час на пляцоўцы – 19.7 хвілін, сярэдняя статыстыка: 3.9 ачкі, 1.9 падбору, 1.4 перадачы. Коска прызналі лепшым маладым гульцом Кубка і чэмпіянату Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя