Футбалісты „Шахцёра” ўпершыню сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі



У паядынку за першы трафей новага сезону на полі футбольнага клуба „Менск” чэмпіёны краіны адолелі ўладальніка Кубка барысаўскі БАТЭ ў серыі пасляматчавых пенальці.

У першым тайме перавага была на баку барысаўчан, салігорскія футбалісты адказвалі вострымі контратакамі, але нікому не ўдалося забіць гол. Пасля перапынку „Шахцёр” стаў дзейнічаць больш агрэсіўна, прымусіўшы барысаўчанаў абараняцца. Аднак у асноўны час лік так і не быў адкрыты – нічыя 0:0. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку „Шахцёра” – 5:4. Героем серыі стаў галкіпер салігорскай дружыны Аляксандр Гутар, які адбіў два ўдары, а потым сам забіў вырашальны пенальці.

Футбалісты БАТЭ больш за ўсіх выйгравалі Суперкубак – 7 разоў. Салігорскі „Шахцёр” да гэтага тройчы беспаспяхова аспрэчваў трафей. Тройчы Суперкубак брала берасцейскае „Дынама”, аднойчы – футбалісты „Гомеля”.

„Нёман” і берасцейскае „Дынама” не атрымалі ліцэнзіі ў вышэйшую лігу

Па выніках разгляду справаздач менеджара па ліцэнзаванню камітэт Беларускай федэрацыі футбола прыняў рашэнне аб выдачы ліцэнзій 14 футбольным клубам. Футбольнаму клубу „Нёман” адмоўлена ў атрыманні ліцэнзіі ў сувязі з невыкананнем фінансавага крытэра, названага ў артыкуле 59 Рэгламенту па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў. Футбольнаму клубу „Дынама-Брэст” адмоўлена ў атрыманні ліцэнзіі ў сувязі з непрадастаўленнем ва ўсталяваныя тэрміны справаздачы аўдытара за 2020 год. „Нёман” і „Дынама-Брэст” маюць права абскардзіць рашэнне камітэту на працягу трох дзён, звярнуўшыся ў Апеляцыйны камітэт па клубнаму ліцэнзаванню, – інфармуе афіцыйны сайт БФФ.

„Манчэстар Сіці” нанёс паразу „Вулверхэмптану”, здабыўшы 15-ю перамогу запар

„Манчэстар Сіці” дзякуючы дублю Габрыэла Жэзуса абыграў „Вулверхэмптан” у хатнім матчы 29-га тура чэмпіянату Англіі — 4:1. „Гараджане” здабылі 15-ю перамогу запар у АПЛ. „Ювентус” нанёс паразу „Спецыі” ў хатнім паядынку 25-га тура чэмпіянату Італіі — 3:0. Адзін з галоў на рахунку Крышціяну Раналду, які правёў 600-ы матч у нацыянальных чэмпіянатах. Яшчэ па голу забілі Марата і К’еза.

Беларусы прайгралі казахстанцам у кваліфікацыі ЧЕ па міні-футболе

Зборная Беларусі па міні-футболе пацярпела другую паразу запар у адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2022 года. У Нур-султане ў паядынку трэцяга тура 5-й кваліфікацыйнай групы падначаленыя Аляксандра Савінцава саступілі зборнай Казахстана з лікам 2:5. Другі паядынак зборных Беларусі і Казахстана адбудзецца 8 сакавіка ў Менску.

Менскае «Дынама» прайграла СКА ў першым матчы Кубка Гагарына

Менскае «Дынама» прайграла ў гасцях піцерскаму СКА ў першым матчы Кубка Гагарына — 2:4. Менчукі добра пачалі матч і хутка адкрылі лік дзякуючы хуткай камбінацыі, якую завяршыў Павел Варфаламееў. Але ўтрымаць ініцыятыву «зубрам» не атрымалася з-за вялікай колькасці выдаленняў. У другім перыядзе «армейцам» атрымалася тройчы засмуціць брамніка Дамініка Фурха. На 51-й хвіліне Кірыл Варонін адрадзіў інтрыгу, але ў канцоўцы матчу Ёнас Кемпайнен усталяваў канчатковы лік — 4:2. Серыя працягнецца заўтра ў Санкт-Пецярбургу.

Валейбалісткі „Мінчанкі” выйгралі ў „Спарты” ў матчы расейскай суперлігі

Валейбалісткі „Мінчанкі” выйгралі ў ніжагародскай „Спарты” ў перанесеным матчы 17-га тура расейскай суперлігі. Паядынак на пляцоўцы сталічнага Палаца спорту „Уручча” завяршыўся з лікам 3:1. Дзякуючы гэтаму поспеху „Мінчанка” паднялася на 9-е месца турнірнай табліцы. На рахунку беларускага клуба стала дзевяць перамог у 23 матчах. Наступную гульню падначаленыя Станіслава Салікава правядуць 10 сакавіка на хатняй арэне супраць чалябінскага „Дынама-Метара”.

Ягор Герасімаў прайграў на турніры ў Ратэрдаме

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў пацярпеў паразу на старце турніру ў нідэрландскім Ратэрдаме. У паядынку 1/16 фіналу беларус, які займае 83-е месца ў сусветным рэйтынгу, ва ўпартай барацьбе саступіў у двух сэтах пятай ракетцы планеты грэцкаму тэнісісту Стефанасу Цыцыпасу – 6:7 (4: 7), 5:7. Сустрэча доўжылася 1 гадзіну 55 хвілін. Аляксандра Сасновіч выйшла ў другі раўнд турніру ВТА ў Ліёне. У паядынку стартавага раўнда наша суайчынніца абыграла канадку Эжэн Бушар  – 7:6,6:2. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА