Футбалісты „Шахцёра” здабылі першую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў
Футбалісты данецкага „Шахцёра” святкавалі першую перамогу на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У другім паядынку папярэдняй групы Н украінскі клуб саступаў у гасцях бельгійскаму „Антвэрпэну” 0:2, але потым здолеў тройчы забіць гаспадарам і выйграць 3:2. У першым туры „Шахцёр” прайграў партугальскаму „Порту” 1:3, які саступіў напярэдадні іспанскай „Барселоне” 0:1. У квартэце Е іспанскі „Атлетыка” перайграў у Мадрыдзе нідэрландскі „Феенорд” – 3:2. Шатландскі „Селтык” ў Глазга прайграў італьянскаму „Лацыё” 1:2. „Ньюкасл” разграміў „ПСЖ” 4:1. Таксама ў гэтай групе F выступаюць «Мілан» і дортмундская «Барусія», якія напярэдадні ня выявілі пераможцу 0:0. Дзейны пераможца Лігі чэмпіёнаў „Манчэстэр Сіці” у гасцях абыграў „РБ Лейпцыг” 3:1, а сербская „Црвена Звезда” і швейцарскі „Янг Бойз” разышліся мірам 2:2.
Мінскія дынамаўцы абыгралі СКА ў КХЛ
Хакеісты мінскага „Дынама” святкавалі перамогу ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У сёмым матчы хатняй серыі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага прымалі СКА з Санкт-Пецярбурга, з якім перад гульнёй мелі роўную колькасць набраных ачкоў. Першы перыяд склаўся для беларускай каманды няўдала: спачатку ў брамку „зуброў” забіў беларускі форвард СКА Уладзімір Алістраў, а затым вызначыўся яшчэ адзін уладальнік беларускіх каранёў Алекс Гальчанюк. Другая трэць таксама завяршылася з лікам 2:0, але ўжо на карысць мінчан: за гаспадароў закідвалі Раман Гарбуноў і Віталь Пінчук. Лёс паядынку вырашыўся ў заключнай 20-хвілінцы, дзе перамогу „Дынама” прынеслі дакладныя кідкі абаронцы Яні Калдзіса і ўсё таго ж Гарбунова – 4:2. Гэтая вікторыя стала для сталічнага клуба чацвёртай у рамках бягучай хатняй серыі (пры трох паразах). Дзякуючы гэтаму поспеху „зубры” ўзняліся на сёмае месца Заходняй канферэнцыі КХЛ, набраўшы 14 балаў.
Хакеісты „Нёмана” адыграліся з ліку 0:3 і перамаглі „Лакаматыў”
Трыма матчамі ў Жлобіне, Маладзечне і Оршы ў сераду працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны ў Жлобіне, дзе дзейны чэмпіён краіны „Металург” прымаў лідэра бягучага сезона „Шахцёр”. Усяго за дзве хвіліны госці забяспечылі сабе адрыў у дзве шайбы, у пачатку другой трэці лік стаў ужо 3:0, а ў канцы адрэзка – 4:1 на карысць „гарнякоў”. У заключнай 20-хвілінцы жлабінчане перахапілі ініцыятыву і адыгралі дзве шайбы, але перавесці сустрэчу ў авертайм не змаглі. У выніку 4:3, „Шахцёр” атрымлівае 11-ю перамогу ў 12 матчах сезона, „Металург” церпіць трэцюю няўдачу запар. Тым не менш, адзін суперкамбэк у гэты вечар усё ж здарыўся. Пасля першага перыяду матча ў Оршы „Нёман” саступаў „Лакаматыву” – таксама з лікам 0:3, але ўжо ў другой трэці гарадзенцы закінулі чатыры разы і выйшлі наперад. У фінальным адрэзку гульні каманды абмяняліся галамі, у выніку 5:4 на карысць „Нёмана”. Дубль за пераможцаў аформіў Мікіта Крыскін. У паралельным матчы „Віцебск” абыграў „Дынама-Маладзечна” з лікам 5:2 – гэтая вікторыя стала для паўночнікаў сёмай запар. Пасля 12 тураў рэгулярнага чэмпіянату табліцу экстралігі працягвае ўзначальваць „Шахцёр”, у якога 22 балы. „Віцебск” адстае на пункт, „Юнацтва” – на чатыры.
Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі першы матч 1/8 фіналу Кубка Расіі
Валейбалісткі „Мінчанкі” пацярпелі першую паразу ў розыгрышы жаночага Кубка Расіі па валейболе – 2023. На стадыі 1/8 фіналу суперніцамі беларускай каманды сталі паўфіналісткі папярэдняга розыгрышу турніру з чэлябінскага „Дынама-Метара”. Першы матч у серыі да дзвюх перамог адбыўся на хатняй пляцоўцы расейскага клуба і завяршыўся з лікам 3:0 на карысць гаспадынь. Другі паядынак „Мінчанкі” і „Дынама-Метара” пройдзе сёння таксама ў Чэлябінску і стартуе ў 16.00 гадзін.
Беларускае Радыё Рацыя