Футбалісты „Шэрыфа” прайгралі „Інтэру”



Футбалісты тыраспальскага „Шэрыфа” другі раз прайгралі міланскаму „Інтэру” у матчах групавога этапа Лігі чэмпіёнаў. У паядынку 4-га тура групы D чэмпіёны Малдовы пацярпелі паразу ад італьянскага чэмпіёна з лікам 1:3. Усе мячы былі забітыя ў другой палове сустрэчы: спачатку тры галы ў браму гаспадароў забіліі Марцэла Брозавіч, Мілан Шкрыньяр і Алексіс Санчэс, а ў самым канцы Адама Траорэ скараціў разрыў. У Мілане „Інтэр” выйграў з тым жа лікам 3:1. Данецкі „Шахцёр” зноў не змог здабыць ачкі ў супрацьстаянні з мадрыдскім „Рэалам”. Пасля хатняга правалу 0:5 віцэ-чэмпіёны Украіны і ў іспанскай сталіцы пацярпелі паразу – 1:2. У складзе гаспадароў галявы дубль аформіў Карым Бензема, мяч у адказ забіў Фернанда. У групе лідыруе „Рэал”, які набраў 9 ачкоў, у „Інтэра” – 7, у „Шэрыфа” – 6 ачкоў, „Шахцёр” мае толькі 1.

У групе А фіналіст мінулага розыгрышу англійскі „Манчэстэр Сіці” абыграў на сваёй арэне бельгійскі „Бруге” – 4:1. Нямецкі „Лейпцыг” і французскі „Пары Сэн-Жэрмэн” без траўмаванага Месі згулялі ўнічыю – 2:2. „Манчэстэр Сіці” набраў 9 ачкоў, „ПСЖ” – 8, „Бруге” – 4, „Лейпцыг” – 1 бал. Італьянскі „Мілан”, які прайграў першыя тры матчы ў квартэце В, заваяваў першы бал, згуляўшы ўнічыю на сваім полі з партугальскім „Порту” – 1:1. Англійскі „Ліверпуль” стаў удзельнікам 1/8 фіналу, перамогшы на сваёй арэне мадрыдскі „Атлетыка” 2:0 дзякуючы галам Жоты і Манэ. „Ліверпуль” мае 12 ачкоў, „Порту” – 5, „Атлетыка” – 4, у „Мілана” – 1. Нідэрландскі „Аякс” датэрмінова забяспечыў сабе выхад у 1/8 фіналу, перайграўшы ў Дортмундзе нямецкую „Барусію” 3:1. У іншым паядынку групы С лісабонскі „Спортынг” разграміў турэцкі „Бешыкташ”  – 4:0. „Аякс” набраў 12 ачкоў „Барусія” і „Спортынг” па 6, у „Бешыкташа” засталося 0 балаў.

Футбалісты „Менска” саступілі „Хайдуку” ў кваліфікацыі юнацкай Лігі чэмпіёнаў

Футбалісты „Менска” няўдала правялі стартавы паядынак другога адборавага раунда юнацкай Лігі чэмпіёнаў. У гасцявой сустрэчы мінчане саступілі ў Спліце харвацкаму „Хайдуку” з буйным лікам 0:3.  Праз тры тыдні, 24 лістапада, на полі ФК „Менск” падначаленыя Валерыя Андрыеўскага паспрабуюць узяць рэванш за гэтую паразу.

Вітэн” разграміў ЦКК у матчы чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Аршанскі „Вітэн” разграміў светлагорскі ЦКК у апошнім матчы сёмага тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Дзеючыя чэмпіёны краіны не пакінулі гасцям ніводнага шанцу, выйграўшы з буйным лікам 11:3. У астатніх сустрэчах тура: „Сталіца” разграміла гомельскі БЧ – 6:0, ВРЗ абыграў „Барысаў-900” – 3:1, гарадзенскае „УУС-Дынама” і сталічны „Дарожнік” разышліся мірам – 2:2, „Менск” разграміў „Ахову-Дынама” – 5:0, а „Дынама-БНТУ” быў мацней за „Ліду” – 3:2.

„Цмокi-Менск” прайгралі другі паядынак у Кубку ФІБА-Еўропа.

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі другую паразу запар у розыгрышы Кубка ФІБА-Еўропа. У матчы 4-га тура групы G чэмпіёны Беларусі ўступілі ў гасцях грэчаскаму „Перыстэры”  70:80. Лепшым у складзе мінчан быў Анджэла Уорнэр, які набраў 27 ачкоў пры трох падборах і пяці перадачах. Баскетбалісткі „Гарызонта” пацярпелі трэцюю паразу на групавым этапе розыгрышу Еўракубка. Падначаленыя Наталлі Трафімавай прайгралі ў гасцях турэцкаму клубу „Мерсін” з розніцай 30 балаў – 48:78. Самай выніковай у складзе чэмпіёнак Беларусі стала Адрыяна Вэб, якая набрала 10 ачкоў.

Павел Глінчук выйграў срэбра маладзёжнага ЧС па грэка-рымскай барацьбе ў Сербіі

Беларускі атлет Павел Глінчук, які выступае ў вагавай катэгорыі 97 кг, выйграў срэбра чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе ў Бялградзе. У вырашальным паядынку ён пазмагаўся са спартоўцам з Расеі Артурам Саркісянам і саступіў – 0:9.

Беларускае Радыё Рацыя