Футбалісты „Славіі” і „Руху” згулялі ўнічыю



Футбалісты мазырскай „Славіі” і берасцейскага „Руху” згулялі ўнічыю 0:0 у заключным паядынку 4-га тура чэмпіянату Беларусі. На працягу ўсёй сустрэчы ў Мазыры абедзве каманды гулялі на высокіх хуткасцях, шмат атакавалі, але нікому так і не ўдалося дамагчыся поспеху. Пасля чатырох тураў лідыруюць „Тарпеда-БелАЗ” і „Энергетык-БДУ”, якія набралі па 9 ачкоў, „Слуцк”, „Віцебск”, „Дынама” (Берасце) і „Славія” набралі па 7 балаў, БАТЭ, „Іслач”, „Гарадзея” і „Менск” – па 6, „Нёман” і „Шахцёр” – па 5, „Рух” – 4, „Дынама” (Менск) – 3, „Смалявічы” — 2 і „Белшына” — 1 ачко.

Габрыэль Рамас – лепшы гулец 4-га тура

Паўабаронца „Тарпеда”-БелАЗа Габрыэль Рамас на гэтых выходных прынёс жодзінцам перамогу над „Энергетыкам” -БДУ, забіўшы гол і аддаўшы перадачу, і быў абраны лепшым гульцом 4-га тура чэмпіянату Беларусі супрацоўнікамі рэдакцыі „Прессбола”. Такую ж высокую ацэнку, як і Рамас, у гэтым туры таксама атрымаў абаронца БАТЭ Боян Насціч, аднак, на думку рэдакцыі, бразілец праявіў сябе ўсё ж некалькі ярчэй, чым басніец.

Беларусы пацягнуліся на стадыёны

Чацвёрты тур чэмпіянату Беларусі па футболе наведала больш гледачоў, чым турам раней. І гэта нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, звязаную з каронавірусам. У сямі з васьмі гарадоў, дзе праходзілі гульні, былі зафіксаваныя выпадкі COVID-19. У Гародні фанацкі сектар быў пустым. Актыўныя заўзятары працягваюць сваім прыкладам паказваць новую мадэль паводзінаў ва ўмовах росту колькасці інфікаваных. Зрэшты, 253 чалавекі прыйшлі падтрымаць мясцовы «Нёман». Рэкорд наведвальнасці ў гэтым туры быў у Берасці, дзе на гульню мясцовага «Дынама» супраць «Іслачы» прыйшло 1169 гледачоў. Менш за ўсё заўзятараў прыйшло на арэну ў Слуцку – 145 чалавек. Усяго за матчамі чацвёртага тура на стадыёнах глядзелі 3675 беларусаў.

Жаночы чэмпіянат Беларусі прыпынены да траўня

Беларуская федэрацыя гандбола прыпыніла жаночы чэмпіянат Беларусі да 9 траўня, а таксама перанесла „Фіналы чатырох” Кубка Беларусі на нявызначаны тэрмін. Мужчынскае першынства краіны працягваецца ў адпаведнасці з календаром. Беларуская федэрацыя гандбола прыняла шэраг рашэнняў па далейшаму правядзенню мужчынскай і жаночай Суперлігі Беларусі і „фіналаў чатырох” сярод мужчынскіх і жаночых каманд і паведамляе наступную інфармацыю:

Чэмпіянат Беларусі сярод мужчынскіх каманд у першым дывізіёне працягваецца ў адпаведнасці з календаром;

Чэмпіянат Беларусі сярод жаночых каманд у групе „А” прыпынены да 9 траўня.

„Фіналы чатырох” Кубка Беларусі сярод мужчынскіх і жаночых каманд пераносяцца.

Віталь Шчэрба – аб барацьбе з каронавірусам: «Не разумею, што робіць Лукашэнка»

 

Шасціразовы алімпійскі чэмпіён па спартовай гімнастыцы Віталь Шчэрба лічыць, што ў Беларусі павінны быць больш жорсткія меры ў барацьбе з каронавірусам, паведамляе Tribuna.

– Гляджу, што адбываецца ва ўсім свеце, чытаю навіны, гляджу тэлевізар. Але вы ж ведаеце, што па ТБ – палова хлусні. Не ведаеш, чаму верыць. Трохі за сітуацыяй у Беларусі сачу. І, шчыра скажу, тое, што краіна не закрывае межы, ня ўводзіць каранцін – гэта крыху няправільна. Не разумею, што робіць Лукашэнка. Напэўна, калі людзі пачнуць паміраць сем’ямі, прэзідэнт задумаецца і ўвядзе каранцін, як у звычайных краінах. Гэта самае дзейснае рашэнне, – дадаў Віталь Шчэрба.

Беларускае Радыё Рацыя