Футбалісты „Смаргоні” перапынілі няўдалую серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі
Футбалісты „Смаргоні” абыгралі сталічны „Энергетык-БДУ” у першым матчы 26-га тура чэмпіянату Беларусі. На полі барысаўскага гарадскога стадыёна смаргонская дружына выйграла ў менчан з лікам 4:2, спыніўшы серыю няўдалых паядынкаў. Папярэднюю вікторыю падначаленыя Ігара Трухава святкавалі 25 чэрвеня, узяўшы верх над сталічнымі дынамаўцамі. Сёння ў цэнтральным паядынку гэтага тура „Нёман”, які ідзе другім, згуляе ў Гародні з футбалістамі „Іслачы” з Менскага раёна, якія займаюць чацвёртае месца ў турнірнай табліцы.
Анастасія Лінік на трэцяй даданай хвіліне матча са Славеніяй прынесла зборнай Беларусі першае ачко ў Лізе нацый
У матчы 3-га тура Лігі нацый жаночая зборная Беларусі згуляла ўнічыю з камандай Славеніі. На зыходзе часу паядынку нічыю для беларускай каманды вырвала Анастасія Лінік. Гэта першае ачко, набранае беларускамі ў гэтым розыгрышы.
Менскія дынамаўцы абыгралі „Барыс” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” з перамогі пачалі выязную міні-серыю з двух матчаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага гасцявалі ў Астане ў мясцовага „Барыса”. Перад гульнёй каманды мелі практычна роўную колькасць ачкоў, але дынамаўцы да гэтага моманту правялі на чатыры матчы менш. Стартавы перыяд вочнай сустрэчы праходзіў пад дыктоўку „зуброў”, але закінутых шайбаў заўзятары не ўбачылі. Таксама ўсухую завяршылася і наступная траціна, хоць гульнявая перавага „Дынама” стала яшчэ больш прыкметнай. Толькі ў сярэдзіне трэцяга перыяду лік у матчы адкрыў Аляксандр Волкаў. Аднак утрымаць пераможны лік у асноўны час не атрымалася: за паўтары хвіліны да фінальнай сірэны хакеісты казахстанскага клуба адыграліся. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе перамогу менчанам з лікам 2:1 прынёс Вадзім Мароз. Дзякуючы гэтай перамозе калектыў пад кіраўніцтвам Квартальнага зраўняўся па набраных ачках з „Сочы” – у абедзвюх каманд па 23 балы – яны дзеляць сёмае-восьмае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.
Хакеісты „Шахцёра” і „Хіміка” працягнулі пераможныя серыі ў экстралізе
Трыма матчамі ў Жлобіне, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Адзін з лідэраў сезона „Шахцёр” гасцяваў у дзесятай каманды турніру „Дынама-Маладзечна”. Вынік – 7:3 на карысць „Шахцёра”, які выйграе чацвёрты матч запар і вяртаецца на першае месца, але ў „Віцебска” ёсць гульня ў запасе. Дзеючы чэмпіён краіны „Металург” церпіць адну няўдачу за другой – на гэты раз жлабінчане на сваім лёдзе прайгралі „Брэсту” з лікам 0:1. Адзіны гол у складзе брастаўчан у канцы другога перыяду аформіў Павел Развадоўскі. У паралельным паядынку „Хімік” у гасцях абыграў аршанскі „Лакаматыў” з лікам 2:1, усе шайбы былі закінуты ў другой дваццаціхвілінцы, а аўтарам вырашальнага кідка стаў Дзяніс Кірпічонак.
Гандбалісты „Машэкі” трэці раз запар прайгралі ў SEHA-лізе
Гандбалісты „Машэкі” пацярпелі трэцюю паразу запар на папярэднім этапе SEHA-лігі. Магіляўчане прайгралі ў Будзёнаўску дэбютанту гэтых спаборніцтваў стаўрапальскаму „Віктару” з лікам 22:28
Вікторыя Радзькова заваявала бронзу чэмпіянату свету па барацьбе сярод моладзі
У сталіцы Албаніі Тыране працягваецца чэмпіянат свету па барацьбе сярод атлетаў да 23 гадоў, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартоўцы. У пятніцу на турніры былі разыграны заключныя камплекты ўзнагарод у жаночай барацьбе. Адзінай медальнай надзеяй Беларусі ў гэты дзень была Вікторыя Радзькова, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 72 кг. Суперніцай Радзьковай у сутычцы за трэцяе месца была Вікторыя Халуй з Польшчы – першы перыяд паядынку застаўся за суперніцай, але другую палову выйграла ўжо беларуска, што і прынесла ёй выніковую перамогу і бронзавы медаль.
Беларускае Радыё Рацыя