Футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” прадоўжылі бяспройгрышную серыю ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” прадоўжылі бяспройгрышную серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі. У стартавым паядынку 13-га тура тарпедаўцы на сваім полі згулялі ўнічыю са сталічным „Энергетыкам-БДУ” – 1:1. Госці адкрылі лік на зыходзе гадзіны гульнявога часу пасля дакладнага ўдару Паўла Пашэвіча. Прапусціўшы мяч, падначаленыя Дзмітрыя Молаша прыклалі максімум намаганняў, каб адыграцца, і на 87-й хвіліне сустрэчы Раман Жалезны адразу пасля выхаду на замену адправіў мяч у сетку брамы мінчан. Яшчэ тры паядынкі пройдуць сёння. Гарадзенскі „Нёман”, які ідзе другім, згуляе ў гасцях у футбалістаў „Слуцка”, у Маладзечне „Іслач” з Менскага раёна сустрэнецца з „Гомелем”, а ў Мазыры мясцовая „Славія” прыме салігорскі „Шахцёр”.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” разграмілі „Днепр” у жаночым чэмпіянаце Беларусі
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” святкавалі 14-ю перамогу запар у матчах жаночага чэмпіянату Беларусі. У хатнім паядынку з магілёўскім „Дняпром” падначаленыя Юрыя Малеева выйгралі з разгромным лікам – 12:0. У 14 праведзеных сустрэчах дзейныя чэмпіёнкі краіны забілі 115 мячоў і пакуль не прапусцілі ніводнага.
Галоўны канкурэнт дынамаўскага клуба ў барацьбе за залатыя медалі ФК „Менск” сёння прыме аднаго з аўтсайдэраў турніру „ДЮСШ-ПалесДУ” з Пінска, а сталічная „Зорка-БДУ” згуляе ў гасцях з футбалісткамі „Віцебска”.
Аспілікуэта дамовіўся з «Інтэрам»
Абаронца «Чэлсі» Сесар Аспілікуэта дамовіўся з «Інтэрам» па ўмовах асабістага кантракту, паведаміў журналіст Фабрыцыа Рамана. Па дадзеных крыніцы бакі ўзгаднілі кантракт на 2 гады. Яго пагадненне з «Чэлсі» дзейнічае да 2024 года. Чакаецца, што лонданскі клуб пагодзіцца на датэрміновы разрыў кантракту, таму «Інтэру» не давядзецца плаціць за яго. У мінулым сезоне 33-гадовы іспанец адгуляў 32 матчы за «Чэлсі», выніковымі дзеяннямі не вызначыўся.
Сасновіч рыхтуецца да турніраў WTA у Беларусі
70-я ракетка свету Аляксандра Сасновіч рыхтуецца да турніраў WTA у Беларусі. Пра гэта ў інтэрв’ю расейскаму агенцтву Sputnik расказаў кіраўнік БТФ Сяргей Рутэнка. Паводле яго слоў, 29-гадовая спартоўка па двое сутак дабіраецца з турніраў у Беларусь.
Сныціну заблакавалі ў акаўнце Беларускай федэрацыі баскетбола
Экс-капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна расказала, што яе акаўнт у Instagram заблакаваны ў профілі Беларускай федэрацыі баскетбола. Сныціна шмат гадоў выступала за зборную Беларусі, у яе складзе заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы-2007, гуляла на ЧС і АГ. Баскетбалістка скончыла кар’еру ў зборнай у сакавіку 2021 года, патлумачыўшы гэта тым, што не жадае «быць часткай прапаганды рэжыму ў той час, як народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей бяскарна забіваюць, калечаць і трымаюць у турмах».
БФБ з 2014-га ўзначальвае Максім Рыжанкоў, які з 2016-га таксама з’яўляецца першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя
