Футбалісты „Вест Хэма” ўпершыню выйгралі Лігу канферэнцый



Англійскі „Вест Хэм” перамог італьянскую „Фіярэнціну” 2:1 і ўпершыню стаў пераможцам Лігі канферэнцый УЕФА. Усе мячы ў вырашальным паядынку трэцяга па значнасці кантынентальнага клубнага турніру былі забіты ў другім тайме. На 62-й хвіліне сустрэчы ў Празе алжырскі легіянер лонданскага клуба Саід Бенрахма з пенальці адкрыў лік, а праз 5 хвілін Джакама Бонвентура аднавіў парытэт. Справа ішла да дадатковага часу, але на 90-й хвіліне гульні Джарод Боўэн нанёс дакладны ўдар і прынёс перамогу футбалістам „Вест Хэма” – 2:1. Для іх гэта другі еўракубкавы трафей у гісторыі – у 1965 годзе яны выйгралі Кубак уладальнікаў кубкаў. Лепшымі бамбардзірамі ЛК сталі Артур Кабрал з „Фіярэнціны” і Зэкі Амдуні са швейцарскага „Базеля”, якія забілі па 7 мячоў.

Месі стане гульцом амерыканскага футбольнага клуба „Інтэр Маямі”

Аргенцінскі нападнік Ліянэль Месі дамовіўся аб пераходзе ў амерыканскі футбольны клуб „Інтэр Маямі”. Аб рашэнні Месі ў эфіры аргенцінскай радыёстанцыі Radio Continental заявіў журналіст Эрнан Кастыльё. Паводле яго слоў, 37-гадовы нападнік адмовіўся ад вялікага даходу, не перайшоўшы у клуб з Саудаўскай Аравіі. Вярнуцца ў іспанскую „Барселону” гулец таксама не зможа. “Я чуў, што Ла Ліга прыняла ўсе неабходныя рашэнні, усё было гатова для майго вяртання, але шмат чаго яшчэ павінна было здарыцца. Я чуў, што „Барселоне” трэба было прадаваць гульцоў або зніжаць ім заробак, і, шчыра кажучы, мне не хацелася апынуцца ў такой сітуацыі”,- заявіў у прыватнасці Месі.

У Парыжы вызначыліся ўсе паўфіналісткі „Ралан Гарос”

На адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе адбыліся апошнія чвэрцьфінальныя паядынкі жаночага адзіночнага разраду. Першая ракетка свету польская тэнісістка Іга Свёнтэк за паўтары гадзіны перайграла ў дзвюх партыях амерыканку Коры Гаўф, якая займае 6-е месца ў рэйтынгу WTA, – 6:4, 6:2. У паўфінале суперніцай полькі будзе бразільская тэнісістка Беатрыс Хадад Майя, якая ў трохсэтавым паядынку адолела прадстаўніцу Туніса Унс Джабір – 3:6, 7:6 (7:5), 6:1. Першыя ўдзельніцы паўфінальнай стадыі вызначыліся днём раней. Другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка перамагла ў двух сэтах украінскую тэнісістку Эліну Світоліну – 6:4, 6:4. У паядынку за выхад у фінал Сабаленка будзе супернічаць з чэшскай тэнісісткай Каралінай Мухавай, якая выйграла ў расейкі Анастасіі Паўлючэнкавай – 7:5, 6:2.

Абаронца зборнай Казахстана перайшоў у „Брэст”

Абаронца зборнай Казахстана Даніл Бутэнка (2001) перайшоў у хакейны клуб „Брэст”. 21-гадовы гулец абароны мінулы сезон правёў у шэрагах „Сарыаркі” і „Намада”. У агульнай суме ў рэгулярным чэмпіянаце згуляў 27 матчаў, вызначыўся 13 (4+9) ачкамі. У плэй-оф — 16 гульняў, 4 (2+2) балы. Усяго ў чэмпіянаце Казахстана ў Бутэнкі 94 сустрэчы, у якіх ён зарабіў 28 (10+18) ачкоў. У МХЛ – 175 матчаў, 48 (9+39) балаў. У студзені навічок „зуброў” разам са зборнай Казахстана заняў трэцяе месца на Універсіядзе. На дарослым чэмпіянаце свету ён правёў сем матчаў і балаў не набраў.

Беларускае Радыё Рацыя