Футбалісты „Віцебска” і „Руху” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі



Футбалісты „Віцебска” і берасцейскага „Руху” згулялі ўнічыю ў матчы 28-га тура чэмпіянату Беларусі. На працягу ўсёй гульні ў Віцебску невялікае перавага была на баку гаспадароў, але ні ім, ні берасцейцам так і не ўдалося забіць гол. У выніку нічыя – 0:0. У іншым матчы „Мінск” перайграў на поле сталічнага стадыёна „Трактар” футбалістаў „Іслачы” з лікам 4:3. Цэнтральны паядынак гэтага тура адбудзецца сёння – у Салігорску „Шахцёр”, які ідзе другім, згуляе з футбалістамі БАТЭ. Яшчэ два прэтэндэнты на медалі сустрэнуцца ў Берасці – дзеючы чэмпіён краіны мясцовае „Дынама” будзе супернічаць з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗ”. Акрамя таго, аўтсайдар турніру „Смалявічы” прыме на сваім стадыёне гарадзенскі „Нёман”, а „Слуцк” згуляе ў сябе дома з „Гарадзеяй”.

Албанскі клуб „Влазнія” стаў супернікам футбалістак „Менска” ў кваліфікацыі ЛЧ

Албанскі клуб „Влазнія” стаў супернікам футбалістак „Менска” ў другім кваліфікацыйным раундзе жаночай Лігі чэмпіёнаў. Такі вынік лёсавання, якое адбылася ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. Паядынак за выхад у 1/16 фіналу пройдзе 18 ці 19 лістапада ў албанскай Шкодры. У першым адборавым раўндзе мінчанкі разграмілі на сваёй арэне латвійскі клуб РФШ з Рыгі з лікам 3:0. Чэмпіёнкі Албаніі таксама адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці турэцкі клуб „ALG-Спор”.

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка выйшаў у паўфінал турніру ў Нямеччыне

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 115-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прабіўся ў паўфінал адзіночнага разраду турніру серыі „Чэленджэр” ў нямецкім Экентале з прызавым фондам 88,5 тысяч еўра. У чвэрцьфінальным паядынку Ілля за гадзіну перамог у дзвюх партыях швейцарскага тэнісіста Марка-Андрэа Хуслера – 6:4, 6:4. Сёння ў матчы за выхад у фінал супернікам беларуса будзе амерыканскі тэнісіст Себасцьян Корда, які мае 136-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Беларускія самбісткі занялі трэцяе месца ў камандным заліку юніёрскага ЧС

Беларускія самбісткі занялі трэцяе месца ў камандным заліку юніёрскага чэмпіянату свету, прапусціўшы наперад каманды Расіі і Украіны. Турнір праходзіў у сербскім горадзе Нові-Сад. Адзінае золата турніру для беларускай каманды выйграла Валерыя Хрушчова ў вазе звыш 80 кг. Срэбраныя ўзнагароды на рахунку Алены Купавай (у вазе 56 кг), і Ангеліны Пірскай (вага 72 кг). Бронзавымі медалямі папоўнілі камандную скарбонку Крысціна Зуева і Анастасія Скварцова. У паядынках хлопцаў узнагарод вышэйшай пробы беларусы не заваявалі.

У баскетбалісткі Леўчанкі – каронавірус

Баскетбалістка Алена Леўчанка, якая пасля свайго арышту паляцела на рэабілітацыю ў Грэцыю, распавяла ў Instagram, што ў яе знойдзены каронавірус.

– Напэўна, паўгода таму гэта гучала б так, быццам самая страшная хвароба прыйшла за табой. Але цяпер – пасля ўсіх падзей лета і восені – каронавірус ўспрымаецца лягчэй. Здавала тэст перад адлётам і адразу па прыбыцці ў Грэцыю. Вынік адмоўны. А ўвечары раптам выявіла, што не чую пахаў. Ад COVID ніхто не застрахаваны, але, калі імунітэт саслаблены, арганізм менш супраціўляецца вірусам. Думаю, Акрэсціна зрабіла тут сваю справу. Ну што ж, мабыць, умацаванне імунітэту і ёсць мой бліжэйшы план на 10 дзён, – напісала спартоўка.

Беларускае Радыё Рацыя