Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі ў кваліфікацыі Еўра-2024



Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пацярпелі чацвёртую паразу ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2024 года. У матчы 6-га тура кваліфікацыйнай групы I беларусы саступілі ў Тэль-Авіве камандзе Ізраіля – 0:1. Пачатак гульні прайшоў з перавагай гаспадароў поля, якія шмат атакавалі, але забіць Максіму Плотнікаву не змаглі. Беларусы паступова асвоіліся і правялі некалькі небяспечных контратак. Пасля перапынку ізраільцяне працягвалі атакаваць і на 4-й кампенсаванай хвіліне Габі Канічоўскі забіў пераможны мяч. У іншым матчы 6-га тура швейцарцы разграмілі ў Сьёне андорцаў – 3:0. Беларусы з 4 ачкамі займаюць 4 месца ў групе, лідыруюць швейцарцы, у якіх 14 балаў.

Беларусы прайгралі партугальцам у кваліфікацыі маладзёжнага ЧЕ-2025

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) пацярпелі другую паразу запар у адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2025 года. У армянскім Армавіры беларусы прайгралі аднаму з галоўных фаварытаў кваліфікацыйнай групы G камандзе Партугаліі з буйным лікам 0:5. Свой наступны паядынак беларуская „маладзёжка” правядзе 13 кастрычніка ў гасцях у каманды Партугаліі.

Менскія дынамаўцы прайгралі „Ак Барсу”

Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі трэцюю запар паразу ў рэгулярным чэмпіянаце. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава гасцявалі ў Казані ў „Ак Барса”, гэты паядынак стаў для „Дынама” пятым выязным запар са старту сезона. „Зубры” выйшлі наперад на восьмай хвіліне сустрэчы: закінуў Віталь Пінчук, прычым у меншасці. Чакаць адказу казанцаў давялося да самага канца наступнай трэці, незадоўга да адыходу на другі перапынак лічбы зраўняў Данііл Жураўлёў. Заключная 20-хвілінка нічога ў становішчы сіл не змяніла: зыход сустрэчы вырашыўся ў авертайме, дзе перамогу „Ак Барсу” з лікам 2:1 прынёс Кірыл Сямёнаў. „Зубры” з пяццю баламі ідуць на сёмай пазіцыі Заходняй канферэнцыі КХЛ.

Хакеісты „Юнацтва”, „Хіміка” і „Лакаматыва” святкавалі перамогі ў матчах экстралігі

Трыма матчамі ў Берасці, Оршы і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Самым выніковым выдаўся паядынак у Оршы, дзе „Лакаматыў” абыграў „Дынама-Маладзечна” – 4:3. Паралельна ў Берасці мясцовы клуб на роўных змагаўся са сталічным „Юнацтвам”. Зыход паядынку вырашыўся ў серыі булітаў, дзе дакладней апынуліся хакеісты са сталіцы 3:2. Таксама „Хімік” разграміў „Магілёў” з лікам 5:0, тры балы па сістэме „гол + пас” за навапалачан набраў Аляксандр Жыдкіх.

Сасновіч і Аляксандрава выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў Сан-Дыега

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч і расіянка Кацярына Аляксандрава прабіліся ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-500 у амерыканскім Сан-Дыега з прызавым фондам 780 тысяч даляраў.  У матчы 1/8 фіналу беларуска і расіянка перамаглі амерыканак Каралін Далхайд і Клэр Лью – 7:6 (8:6), 6:4.

Беларускае Радыё Рацыя