Футбол без міліцыі і з півам?



24 лютага ў Дома футбола адбылася сустрэча кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола з прадстаўнікамі міліцыі, футбольных клубаў горада Менска і іх заўзятарамі.

У перамовах з боку АБФФ прынялі ўдзел Старшыня Сяргей Румас, Першы намеснік Сяргей Сафар’ян. Пазіцыю ГУУС агучваў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Іван Кубракоў. На сустрэчы прысутнічалі заўзятары футбольных клубаў „Дынама” Менск, „Менск”, „Крумкачы”, „Луч” і „Тарпеда” Менск.

У гэтым сезоне плануецца спрашчэнне рэгістрацыі банэраў. Змест матэрыялаў для фанацкіх перфомансаў будуць ўзгадняць толькі клубы і АБФФ.

МУС таксама гатова прыбраць сваіх супрацоўнікаў з чашы стадыёна, аднак прадстаўнікі арганізацыі працягнуць ажыццяўляць дагляд на ўваходзе ў спартовы будынак.

Дасягнутая дамоўленасць, пра тое, што на пунктах надгляду ўпаўнаважаныя прадстаўнікі АБФФ маюць права весці незалежную відэаздымку, якая можа быць выкарыстана ў выпадку ўзнікнення якіх-небудзь спрэчных сітуацый.

Пры выкананні пэўных заканадаўчых патрабаванняў, а менавіта арганізацыі стацыянарных кропак продажаў, на арэнах можна будзе ажыццяўляць рэалізацыю піва. Дадзенае пытанне аддадзена адміністрацыям стадыёнаў і футбольных клубаў.

Беларуская федэрацыя футбола