Футбольнае свята ў Львове



7 чэрвеня ў Еўропе аднавіліся адборавыя матчы да чэмпіянату кантыненту. Сапраўднае свята сваім заўзятарам падарыла ў Львове ўкраінская дружына. Яна разграміла дастаткова моцную па складзе зборную Сербіі – 5:0

Галоўны трэнер Украіны Андрэй Шаўчэнка істотна амаладзіў склад і, праўдападобна, стварыў вельмі дзеяздольны калектыў. У першым тайме за тры хвіліны (з 26-й па 28-ю) голавы дубль аформіў Віталь Цыганкоў. У другой палове сустрэчы Яўген Канаплянка (два галы) і Раман Ярамчук давялі справу да разгрому. Ярамчук, дарэчы, выступаў перад зусім роднай публікай – ён нараджэнец Львова.

Сам Львоў надзвычай удалы горад для жоўта-блакітных. У гэтым горадзе „жоўта-блакітныя” ніколі не прайгравалі: 15 вікторый і 2 нічыі – уражвальны станоўчы баланс. 

У гэтай жа групе „В” Літва прымала Люксембург і згуляла ўнічыю 1:1. Украіна яшчэ больш умацавала сваё лідарства ў кампаніі – 7 ачкоў пасля трох гульняў. На другой пазіцыі Люксембург – 4 ачкі. Партугалія мае 2 і гульню ў запасе.

У групе „G” рэпрэзентацыя Польшчы гуляла на выездзе і перамагла Паўночную Македонію 1:0. На 47-й хвіліне голам вызначыўся Кшыштаф Пёнтэк. У гэтай жа кампаніі спаборнікаў Ізраіль разграміў у гасцях Латвію – 3:0. Хет-трык аформіў Эран Зааві.

Польшча з максімальнымі 9 ачкамі ўпэўнена лідзіруе ў сваёй групе. Ізраіль мае 7 пунктаў і ідзе на другім месцы. Астатнія прыкметна адсталі.

Вынікі астатніх сустрэч вечара:

Чэхія – Балгарыя – 2:1

Чарнагорыя – Косава – 1:1

Данія – Ірляндыя – 1:1

Фарэрскія выспы – Іспанія – 1:4

Нарвегія – Румынія – 2:2

Швецыя – Мальта – 3:0

Аўстрыя – Славенія – 1:0

Грузія – Гібралтар – 3:0.

8 чэрвеня зборная Беларусі правядзе дома адборавы матч са зборнай Германіі.

Хельмут Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя