Футбольная дружына Харватыі выйшла на чэмпіянат свету
Футбольная дружына Харватыі выйшла на чэмпіянат свету, які пройдзе ў Катары. У вырашальным паядынку ў Спліце яна мінімальна адолела зборную Расеі – 1:0. „Шахматавых” у гэтай сустрэчы задавальняла толькі перамога, з іншага боку расейцам дастаткова было нічыёй.
Матч прайшоў у цяжкіх умовах надвор’я. Ішоў моцны дождж і ўрэшце поле пераўтварылася амаль у балота. На 81-й хвіліне недарэчнасць падпільнавала гасцей – Фёдар Кудрашоў здзейсніў самастрэл. Такім чынам Харватыя заваявала першынства ў групе і наўпрост выйшла на мундыяль. Расейцам жа цяпер давядзецца прабівацца туды праз складанае сіта стыкавых сустрэч.
Удзел у чэмпіянаце свету забяспечылі сабе ўжо Катар (як гаспадар турніру), Бразілія, Данія, Германія, Англія, Францыя, Бельгія і Харватыя.
У Еўропе ў стыкавых гульнях дакладна згуляюць Шатляндыя, Польшча, Расея. У іншых сямі групах сітуацыя больш заблытаная.
Беларускае Радыё Рацыя