Футбольная зборная Беларусі саступіла бельгійцам



Футбольная зборная Беларусі саступіла бельгійцам з лікам 0:1 у кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2022

Праўда, Бельгія, якая займае першае месца ў рэйтынгу FIFA, гуляла далёка не асноўным складам. Першы тайм прайшоў у невысокім тэмпе пры невялікай перавазе бельгійцаў, а беларусы спрабавалі знайсці свой шанец у контратаках. Лік быў адкрыты на 33-й хвіліне – атаку з правага флангу дакладным ударам завяршыў Дэніс Прат. Пасля перапынку футбалісты Бельгіі ўзялі мяч пад свой кантроль і не далі супернікам ні адзінага шанцу забіць. У сакавіку беларусы былі разгромленыя тымі ж бельгійцамі на іх полі з лікам 8:0.

Намінальна гэты матч, як і папярэдні з Уэльсам, быў для зборнай Беларусі «хатнім», аднак па факце адбываўся ў Казані. Бо еўрапейскія авіякампаніі не лётаюць у нашу краіну пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

Польшча спыніла Англію, нягледзячы на супергол Кейна.

Матч адборачнага цыкла чэмпіянату свету паміж зборнымі Польшчы і Англіі, якія лідаравалі перад гэтым турам у групе I, атрымаўся вельмі гарачым. Палякі, якія займалі другое месца, саступалі фіналістам Еўра-2020 пяць ачкоў, так што толькі перамога пакідала гаспадарам рэальныя шанцы пазмагацца за першае месца і прамое трапленне на чэмпіянат свету на фінішы кваліфікацыі. Гасцей, зыходзячы з турнірных раскладаў, цалкам задавальняла і нічыя ў Варшаве. Перапоўненыя трыбуны не толькі падтрымлівалі зборную Польшчы, але і моцна асвісталі ангельцаў, калі тыя сталі на калені перад стартавым свістком. Эмоцый перад матчам і падчас самой гульні наогул было больш, чым добрага футбола. Каманда Саутгейта гуляла ў звыклым стылі, імкнучыся прыбраць суперніка простым задушлівым прыёмам. У атацы ў першым тайме зборная Англіі наогул нічога не паказала – нуль удараў у створ. У другім тайме Англія дадала, а палякам стала больш цяжка вытрымліваць прапанаваную інтэнсіўнасць. Упрыгожваннем матчу было супрацьстаянне топавых цэнтрфорвардаў – Роберта Левандоўскага і Гары Кейна. На 72-й хвіліне бамбардзір «Тотэнхэма» прыняў мяч удалечыні ад штрафной палякаў, тым не менш рызыкнуў прабіць і выдатна трапіў. Зборная Англіі была блізкая да чарговай «сухой» перамогі, але ў кампенсаваны час Себасцьян Шыманьскі, які выступае на правах арэнды за АЕК пасля падачы Левандоўскага выратаваў гаспадароў ад паразы.

Валейбалісты зборнай Беларусі абыгралі Чарнагорыю ў матчы ЧЕ-2021

Валейбалісты зборнай Беларусі абыгралі каманду Чарнагорыі ў матчы групавой стадыі чэмпіянату Еўропы з лікам 3:0. Самымі выніковымі гульцамі матчу ў складзе беларускай зборнай сталі Радзівон Міскевіч, які набраў 15 ачкоў і Уладзіслаў Давыскіба, у якога ў актыве 12 пунктаў.

Мірончык-Іванова і Дубіцкая занялі апошнія месцы ў фіналах Брыльянтавай лігі

У швейцарскім Цюрыху адбыліся фіналы Брыльянтавай лігі ў скачках у даўжыню і штурханні ядра сярод жанчын. Беларуская скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова заняла шостае месца. Яе вынік 6 метраў 53 сантыметры. Перамогу святкавала спартоўка з Сербіі Івана Шапанавіч з вынікам 6 метраў 96 сантыметраў. Штурхальніца ядра Алена Дубіцкая таксама не змагла заняць месца вышэй за шостае. Беларуска выступіла з вынікам – 18 метраў 34 сантыметры. Першай стала Магдаліна Юэн з ЗША з вынікам 19 метраў 41 сантыметр.

Беларусы заваявалі 8 медалёў у другі дзень міжнароднага турніру па самба ў Менску

Беларускія атлеты заваявалі восем узнагарод у другі дзень адкрытага XXV Міжнароднага турніру катэгорыі А па самба. Спаборніцтвы скончыліся ў мінскім спарткомплексе „Чыжоўка-Арэна”. Золата выйгралі Сяргей Капылоў у вазе 71 кг спаборніцтваў па баявому самба, а таксама Карына Шут у вазе 80 кг. Напярэдадні беларусы выйгралі 17 медалёў рознай вартасці. У юбілейным турніры прымалі ўдзел больш за 100 спартсменаў з 11 краін.

Беларускае Радыё Рацыя