Футбольная зборная Беларусі ўзнялася на 78-е месца ў рэйтынгу ФІФА
Футбольная зборная Беларусі займае 78-е месца ў кастрычніцкім рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).
У параўнанні з вераснёвым спісам беларуская каманда паднялася на дзве пазіцыі. За мінулы час падапечныя Ігара Крывушэнкі правялі два дамашнія матчы ў Лізе нацый: перамаглі футбалістаў з Люксембурга – 1:0 і згулялі ўнічыю з Малдовай – 0:0.
Зараз у актыве беларусаў 1307 балаў. Наступную сустрэчу ў Лізе нацый беларускія футбалісты правядуць 15 лістапада ў гасцях у каманды Люксембурга (84-е месца), А 18 лістапада завершаць групавы этап гульнёй у Сан-Марына (209).
Кастрычніцкі рэйтынг ФІФА ўзначальвае зборная Бельгіі (1733 ачкі), на другой пазіцыі знаходзіцца чэмпіён свету каманда Францыі (1732), замыкае тройку лідараў Бразілія (1669).
З краін-суседак вышэй за ўсіх стаіць Украіна – 27-е месца (1490), каманда Расеі займае 41-ы радок (1433).
Наступны рэйтынг ФІФА апублікуе 29 лістапада.
Фота: АБФФ