Футбольная зборная Беларусі выйграла ў Мексікі



Пэўную маральную кампенсацыю падарыла беларускім футбольным заўзятарам нацыянальная дружына пад кіраванем Андрэя Зыгмантовіча. У таварыскім спатканні на „Барысаў-Арэне” яна перамагла зборную Мексікі – 3:2. У першым тайме галоў не было, а пасля перапынку каманды парадавалі гледачоў адкрытым выніковым футболам. Пачын на 48-й хвіліне зрабіў Рауль Хіменэс, ужо праз два абароты секунднай стрэлкі беларусы зарабілі пенальці (збілі з ног Сяргея Кісляка). 11-мятровы няўдала выканаў Ігар Стасевіч – ад рук галкіпера мяч трапіў у штангу, але на дабіванні ўвішней іншых апынуўся Сяргей Кісляк. Неўзабаве той жа Хіменэс зноў вывеў наперад ацтэкаў.  Адказ гаспадароў поля быў паўторна імклівы – Мікалай Сігневіч галавой забіў свой першы мяч за нацыянальную дружыну і параўняў лік. А незадоўга да завяршэння сустрэчы (81-я хвіліна) выйшаўшы на замену Павел Няхайчык прынёс беларусам вікторыю.

Беларускае Радыё Рацыя, фота Прессбола