Футбольны Еўра: трылер у Амстэрдаме



13 чэрвеня на футбольным першынстве Еўропы стартавалі каманды квартэту „С”. Спярша сустрэліся дружыны Аўстрыі і Паўночнай Македоніі. Для македонцаў гэта быў дэбютны матч на чэмпіянатах кантыненту. Характэрна, што першы мяч для сваёй краіны ў гісторыі забіў ветэран каманды Горан Пандзеў. Аўстрыякі ў гэты дзень адказалі трыма і перамаглі з лікам 3-1. Гэта першая вікторыя Аўстрыі ў фінальных частках чэмпіянату Еўропы.

А позна ўвечары ў Амстэрдаме выйшлі на поле зборныя Нідэрляндаў і Украіны. Каманды разыгралі пакуль самы яркі матч на турніры. Першы тайм, які прайшоў з перавагай гаспадароў поля, галоў аднак не прынёс. „Аранжавыя” ціснулі пазіцыйна, а ўкраінцы дзеілі на контратаках.

У другой палове  сустрэчы цягам шасці хвілін нідэрляндцы двойчы прымусілі брамніка ўкраінцаў Георгія Бушчана даставаць мяч з сваёй сеткі. Але Украіна не зламалася і адказала сваім дуплетам: на 75-й хвіліне здалёк шэдэўральна выстраліў лепшы снайпер жоўта-блакітных Андрэй Ярмоленка (41-ы гол за нацыянальную дружыну!), а на 79-й хвіліне пасля розыгрышу штрафнога Раман Ярамчук параўняў лік.

І ўсё ж апошняе слова засталося за камандай Нідэрляндаў – на 85-й хвіліне вызначыўся Дэнзел Думфрыс. З лікам 3-2 перамаглі Нідэрлянды, але і ўкраінскія футбалісты заслугоўваюць цёплых словаў.

Беларускае Рпдыё Рацыя