Футбольны клуб „Дынама” (Менск) можа быць прададзены „Ракаўскаму бровару”



Футбольны клуб „Дынама” (Менск) можа быць прададзены кампаніі „Ракаўскі бровар”, паведамляе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Гаворка ідзе аб продажы адкрытым акцыянерным таварыствам „Трайпл” Юрыя Чыжа сваёй долі ў клубе (57% акцый) за адзін мільён рублёў. Пераважнае права куплі маюць Мінгарвыканкам і ТАА „Ракаўскі бровар”. Гораду належыць 26% акцый клуба, рэстарану-піваварні — 17%. Пры гэтым асноўным уладальнікам „Ракаўскага бровара” з’яўляецца сам Чыж (55,9%). 29,55% знаходзіцца ў яго былога партнёра Уладзіміра Япрынцава. Астатняе (14,55%) належыць Жанне Герасімук.

Кіраўніцтва „Трайпла” недаступнае для зносін. У Мінгарвыканкаме і „Ракаўскім бровары” адмовіліся ад каментароў. Крыніца ў дзелавым асяроддзі паведаміла, што менавіта „Ракаўскі бровар” прыняў рашэнне купіць акцыі „Дынама”.

Раней паведамлялася, што акцыі „Дынама”, якія належаць „Трайплу”, будуць перададзеныя гораду, бо менавіта ён апошнім часам фінансуе клуб. „Цяпер стаіць пытанне аб перадачы поўнага пакета акцый гораду, каб ён цалкам кіраваў, бо ён сёння плаціць. А каго абярэ горад, якога чалавека або ўласніка, — гэта ўжо далейшая прыступка. Працэсы ідуць. Праз нейкі час нешта высветліцца”, — заявіла карэспандэнту Naviny.by 1 сакавіка крыніца з футбольнага асяроддзя.

Юрый Чыж адмовіўся гаварыць на гэтую тэму: „Я з гэтай нагоды каментароў не даю”.

Прэс-сакратар футбольнага клуба Васіль Князюк заявіў БелаПАН, што чуткі і здагадкі пра далейшы лёс „Дынама”, якія цыркулююць ужо паўгода, ніяк не адбіліся на дзейнасці каманды. „Яна скончыла сезон-2018, прайшла міжсезонне, прызначаны новы трэнер, вядзецца селекцыйная праца, ідзе падрыхтоўка да сезона. Працуе акадэмія, ажыццяўляецца іншая гаспадарчая дзейнасць”, — сказаў прадстаўнік клуба.

Менскае „Дынама” — найстарэйшы футбольны клуб Беларусі. З 1999 года яго тытульным спонсарам з’яўляецца „Трайпл”. Апошнія гады кампанія ў сувязі з цяжкасцямі практычна не фінансавала клуб. Пасля паражэння ад санкт-пецярбургскага „Зеніта” з лікам 1:8 у жніўні мінулага года ў матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы УЕФА (пасля дамашняй перамогі 4:0) пайшлі чуткі аб змене ўласніка.

Сярод новых уладальнікаў называлі IT-прадпрымальніка Віктара Пракапеню. Былы саўладальнік „Трайпла” Уладзімір Япрынцаў прапаноўваў перадаць „Дынама” гораду. У свой час ён распрацаваў праграму развіцця клуба і накіраваў Аляксандру Лукашэнку.

У эпоху Чыжа менскае „Дынама” выйграла чэмпіянат Беларусі толькі аднойчы — у 2004 годзе. За 20 гадоў у клубе змянілася больш за 30 галоўных трэнераў.

belapan.by