Галоўны трэнер „Брэста” Андрэй Кавалёў працягнуў кантракт з клубам
Галоўны трэнер „Брэста” Андрэй Кавалёў працягнуў кантракт з клубам на наступны сезон.
„Пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста ў мінулым сезоне ” зубры ” правялі 57 паядынкаў у экстралізе, набраўшы 98 ачкоў (57%)”, – адзначае прэс-служба клуба.
Дзмітрый Корабаў стане аднаклубнікам Яўгена Лісаўца
Беларускі абаронца Дзмітрый Корабаў дасягнуў дамоўленасці аб заключэнні кантракта з „Салаватам Юлаевым”, за які выступае Яўген Лісавец. Папярэдні сезон новапалачанін правёў у „Амуры”. 31-гадовы гулец правёў за „тыграў” 29 матчаў, у якіх набраў 2 (2+0) ачкі пры паказчыку карыснасці -6.
ЧС-2021 у Менску і Рызе, верагодна, пройдзе без удзелу гульцоў НХЛ
Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай ў 2021 годзе пройдзе ў сталіцах Беларусі і Латвіі. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі хакея. Раней прадстаўнікі IIHF не выключалі магчымасць правядзення сусветнага форуму ў Швейцарыі, бо цяперашні чэмпіянат свету, які павінен быў прайсці ў гэтай краіне, адмянілі з-за пандэміі каронавіруса. У выніку швейцарцы адмовіліся ад падобных планаў і запусцілі працэс вяртання квіткоў заўзятарам.
Хутчэй за ўсё чэмпіянат пройдзе без гульцоў НХЛ. У сувязі з пандэміяй каронавіруса мацнейшая ліга планеты плануе пачаць новы сезон у снежні – на два месяцы пазней, чым звычайна. Адпаведна зрушыцца і заканчэнне рэгулярнага чэмпіянату, які фінішуе арыенціровачна не раней чэрвеня, што не дазволіць хакеістам клубаў НХЛ дапамагчы сваім зборным на менска-рыжскім ЧС-2021.
Аляксандра Сасновіч намінаваная на прэмію Кубка Федэрацыі
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч намінаваная на прэмію Fed Cup Heart Award па выніках матчаў плэй-оф сусветнай групы, якія прайшлі ў лютым. У пераможнай гасцявой сустрэчы з камандай Нідэрландаў (3:2) Аляксандра Сасновіч выйграла адзін адзіночны паядынак, а затым разам з Арынай Сабаленка заваявала вырашальнае ачко ў парнай сустрэчы. Яна ўжо двойчы станавілася ўладальніцай Fed Cup Heart Award (2016 і 2017 гады). Акрамя яе гэты прыз атрымлівалі яшчэ дзве беларускія тэнісісткі – Вікторыя Азаранка (2011) і Арына Сабаленка (2017).
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belarushockey.com