Ганчароў саступіць пасаду галоўнага трэнера „Мінчанкі” Салікаву
Вялікая верагоднасць, што ў наступным сезоне ў валейбольнага клуба „Мінчанка” будзе новы галоўны трэнер. Замест Віктара Ганчарова пасаду зойме Станіслаў Салікаў.
Раней 46-гадовы спецыяліст працаваў старшым трэнерам ва „Уралачцы” і краснадарскім „Дынама”, а да нядаўніх часоў узначальваў другую каманду „Уралачкі”.
Глеб Гарбуз прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Швейцарыі
Беларускі разыгрываючы Глеб Гарбуз прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Швейцарыі па гандболе. У гэтым сезоне 26-гадовы беларус таксама стаў лідарам бамбардзірскай гонкі швейцарскага першынства, закінуўшы 163 мячы. Глеб Гарбуз выступаў за клуб „Крыенс-Люцэрн”, які заняў 3-е месца, набраўшы 32 ачкі ў 24 праведзеных матчах. На першым месцы – „Шафхаузэн”, у якога 44 балы, другая пазіцыя ў „Вінтэртура”, які набраў 34 ачкі. Швейцарскі чэмпіянат быў перапынены ў сярэдзіне сакавіка з-за распаўсюду каронавіруса.
Павел Міскевіч развітаўся з астраханскім „Дынама”
Беларускі галкіпер Павел Міскевіч развітаўся з камандай і заўзятарамі „Дынама” з Астрахані. Пра гэта паведамляе група „Гандбол. Моцарт Смелы” Вконтакте. Паўтара года таму Міскевіч папоўніў шэрагі расейскага клуба, перайшоўшы са славацкага клуба „Шале”. Месца працягу кар’еры галкіпера пакуль невядома.
World Athletics прадставіла новы каляндар „Брыльянтавай лігі”
Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) прадставіла скарочаны каляндар „Брыльянтавай лігі” на рэшту сезона-2020. Першым этапам турніру стануць спаборніцтвы ў Манака, якія запланаваны на 14 жніўня. Затым спартоўцаў чакаюць старты ў Стакгольме 23 жніўня, Лазане 2 верасня, Брусэлі 4 верасня і Парыжы (6 верасня). Завершыць шэраг спаборніцтваў яшчэ адзін старт у Кітаі 17 верасня. Яго месца правядзення пакуль удакладняецца. Паведамляецца таксама, што ў 2020 годзе „Брыльянтавая ліга” не будзе структураванай серыяй спаборніцтваў, якія вядуць да фіналу, як гэта было раней. Прычына такога рашэння – неадпаведнасць у трэніровачных працэсах спартоўцаў, немагчымасць забяспечыць роўныя ўмовы і справядлівую сістэму кваліфікацыі. Таму спартоўцы не будуць атрымліваць заліковыя ачкі. Не адбудзецца і традыцыйны фінал для 24 дысцыплін у Цюрыху.
Алена Леўчанка перадала 1000 ахоўных масак гомельскім клінічным шпіталям
Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка падзякавала медыцынскім работнікам за барацьбу з каронавірусам і аказала ім дапамогу. „Цяпер вельмі няпростыя часы для нашых лекараў. Вельмі хочацца ім дапамагчы. Вырашыла падтрымаць дабрачынны праект Крысціны Машчанкі-Кучынскай, які падтрымлівае лекараў па ўсёй Беларусі па прадастаўленні масак. Абласныя гарады вельмі маюць патрэбу ў дапамозе. І адным з іх з’яўляецца Гомель – мой горад, дзе нарадзілася і вырасла», – адзначыла Леўчанка. 500 масак было перададзена ў Гомельскі гарадскі клінічны шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі. А таксама 500 масак было перададзена ў Гомельскі абласны клінічны шпіталь. Разам мы заўсёды мацней і можам зрабіць многае. Беражыце сябе і сваіх блізкіх „, – напісала Леўчанка ў Інстаграм.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by