Гандбалісткі Беларусі саступілі чарнагоркам у плэй-оф ЧС
Гандбалісткі жаночай зборнай Беларусі няўдала правялі першы паядынак з камандай Чарнагорыі за права згуляць у фінале чэмпіянату свету.
У Падгорыцы беларускі нядрэнна правялі першы тайм, саступіўшы ўсяго адзін мяч – 13:14. А вось пасля перапынку гульня ў гасцей цалкам разладзілася, і ў выніку гаспадыні выйгралі з перавагай у шэсць мячоў – 27:21. Самай выніковай у беларусак стала Анастасія Кулак, якая закінулі восем мячоў.
Сустрэча ў адказ гандбалістак Беларусі і Чарнагорыі адбудзецца 20 красавіка на пляцоўцы менскай „Чыжоўка-Арэны”.
Хакеісты зборнай Беларусі абыгралі аўстрыйцаў у таварыскай сустрэчы
Хакеісты зборнай Беларусі абыгралі аўстрыйцаў у таварыскай сустрэчы, якая завяршылася ў Будапешце з лікам 5:1. Ужо на першай хвіліне лік адкрыў Міхаіл Стэфановіч. Другое ўзяцце брамкі у выкананні хакеіста „Юнацтва” адбылося за тры хвіліны да канца стартавага перыяду.
У другім перыядзе Сцяпан Фалькоўскі магутным кідком прымусіў капітуляваць галкіпера Фелікса Нусбахера трэці раз у матчы. Але на гэтым непрыемнасці для аўстрыйцаў не скончыліся. Чацвёртую шайбу аўстрыйцам закінуў Станіслаў Лапачук, а пятую – Ілля Салаўёў.
У трэцім перыядзе аўстрыйцы ўсё ж змаглі закінуць шайбу – на 46-й хвіліне кідком ад сіняй лініі гэта зрабіў Штэфан Гафаль і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.
Менскія „Цмокi” прайгралі „Енісею” у Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі 12-ю паразу запар у матчах Адзінай лігі ВТБ. На арэне менскага Falcon Club падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі гасцям з краснаярскага „Енісея” – 74:81. Чэмпіёны Беларусі правалілі першую чвэрць, а потым усе спробы дагнаць супернікаў не мелі плёну. У складзе гаспадароў самым выніковым стаў Крыс Клайберн, які набраў 26 ачкоў. Цяпер „Цмокi” займаюць апошняе, 13-е, месца ў турнірнай табліцы. Менчукам засталося правесці яшчэ два матчы ў Адзінай лізе ВТБ – 21 красавіка на хатняй арэне супраць падмаскоўных „Хімак” і 25 красавіка ў Нур-султане з казахстанскай „Астаной”.
Футбалісты „Іслачы” разграмілі „Спутнік” у матчы чэмпіянату Беларусі
Футбалісты „Іслачы” разграмілі рэчыцкі „Спутнік” з лікам 5:1 у стартавым матчы 5-га тура чэмпіянату Беларусі. Ужо ў першым тайме сустрэчы ў Гомелі падначаленыя Арцёма Радзькова тройчы забілі навабранцам вышэйшай лігі. На 13-й хвіліне лік адкрыў Аляксандр Ануфрыеў, праз 20 хвілін вызначыўся Дзмітрый Юсаў, а незадоўга да перапынку Алег Патоцкі забіў трэці гол. У другой палове сустрэчы госці працягвалі дамінаваць – Дзмітрый Юсаў аформіў дубль, Дзмітрый Камароўскі забіў яшчэ адзін мяч, на што „Спутнік” адказаў толькі голам Аляксандра Халадзінскага. У другім матчы дня футбалісты „Віцебска” і „Слуцка” галоў не забілі – 0:0.
Беларус Дзмітрый Мінько заняў пятае месца на ЧЕ па дзюдо ў Партугаліі
Беларус Дзмітрый Мінько заняў пятае месца на чэмпіянаце Еўропы па дзюдо ў партугальскім Лісабоне. Спартовец, які выступае ў вагавай катэгорыі 66 кг перамог партугальца Андрэ Дыёга і ўкраінца Багдана Лядава. Пасля паразы ад грузіна Важы Маргвелашвілі беларус атрымаў шанец у суцяшальным турніры. Супернік з Малдовы Вадзім Бунеску пратрымаўся супраць Дзмітрыя Мінькова менш за тры хвіліны. На жаль, у спрэчцы за бронзу дзюдаіст з Магілёўскай вобласці быў вымушаны прызнаць перавагу партугальскага атлета Жоао Крысастома.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота handball.by